Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі могуць быць прызначаныя на вясновай сэсіі парлямэнту ў 2020 годзе, расказала ў эфіры тэлеканалу СТВ старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, паведамляе БЕЛТА.
Раней паведамлялася, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць не пазьней за 30 жніўня 2020 году.
«Думаю, пасьля выбараў у парлямэнт я абавязкова прыйду з дакладам да кіраўніка дзяржавы. І мы будзем абмяркоўваць разам з кіраўніцтвам парлямэнту — яны прызначаюць выбары — найбольш прымальны пэрыяд і дату правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Думаю, каб не склікаць пазачарговую сэсію парлямэнту, менавіта на вясновай сэсіі ня толькі будзе названая дата — будуць прызначаныя выбары», — сказала Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, што да 30 жніўня ў асноўным усе выбарнікі знаходзяцца па месцы жыхарства, бо 1 верасьня пачынаецца навучальны год. Акрамя таго, ужо адрамантаваныя і працуюць усе навучальныя ўстановы, дзе разьмяшчаюцца ўчасткі для галасаваньня.
На думку старшыні Цэнтрвыбаркаму, гэты пэрыяд прымальны ня толькі з арганізацыйнага пункту гледжаньня, але і з пункту гледжаньня вядзеньня перадвыбарнай агітацыі, бо ствараюцца спрыяльныя ўмовы для правядзеньня мерапрыемстваў на адкрытым паветры — пікетаў, мітынгаў. «Але, магчыма, кандыдатаў ня вельмі задаволіць гэтая дата ў сілу таго, што многія выбарнікі ў пэрыяд перадвыбарчай агітацыі будуць у іншых месцах, недзе ў адпачынках», — дадала старшыня Цэнтрвыбаркаму.