Каля 200 чалавек, паводле падлікаў праваабаронцаў, узялі ўдзел у традыцыйным нядзельным зборы праціўнікаў пабудовы акумулятарнага заводу ў Берасьці.
Людзі сабраліся на плошчы Леніна а 12-й гадзіне, дзе ў гэты самы час праходзіла афіцыйнае мерапрыемства ў гонар Другіх эўрапейскіх гульняў. Плошча была агароджаная, таму пратэстоўцы супраць акумулятарнага заводу перайшлі праз дарогу да помніка Леніну.
Як звычайна, людзі стаялі і кармілі галубоў бязь лёзунгаў ці плякатаў. Прысутныя падпісваліся пад калектыўным зваротам супраць заводу, які мяркуюць накіраваць Аляксандру Лукашэнку.
Да пратэстоўцаў падыходзілі міліцыянты Ленінскага РАУС Берасьця і праз мэгафон папярэдзілі аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Празь нейкі час пратэстоўцы пайшлі калёнай па цэнтры гораду. Большую частку шляху ад плошчы Леніна да цэнтральнага ўнівэрмагу людзі ішлі бязь лёзунгаў, толькі некалькі разоў выгукнулі «Не заводу АКБ!».
Каля кінатэатру «Беларусь» міліцыянты яшчэ раз папярэдзілі людзей пра тое, што акцыя несанкцыянаваная, а яе ўдзельнікі будуць ідэнтыфікаваныя ды прыцягнутыя да адказнасьці.
Паводле праваабаронцаў, некаторых людзей выклікалі позвамі ў міліцыю якраз на час акцыі. Верагодна, у Берасьці могуць быць чарговыя суды за мінулыя акцыі, кажуць праваабаронцы.
Падчас сёньняшняй акцыі пратэстоўцаў не затрымлівалі.
х
х
х
х