З усіх садовых таварыстваў і гаражных каапэратываў у 2019 годзе неабходна будзе абавязкова вывозіць адкіды і сьмецьце.
«Цяпер садовыя таварыствы і гаражныя каапэратывы ўключаныя ў агульную схему абыходжаньня з адкідамі. Такая норма ўнесеная ў заканадаўства», — паведаміў 18 красавіка журналістам намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Мікалай Корбут.
На ягоную думку, гэтыя захады дазволяць пазбавіцца ад звалак сьмецьця і забруджваньня тэрыторыяў паблізу ад лецішчаў — асабліва лясоў — плястыкавымі бутэлькамі, пакетамі ды іншым.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя таксама ініцыявала перад калегамі зь Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі новую сыстэму платы за паслугі вывазу адкідаў. Пакуль дачнікі плацяць за колькасьць рэйсаў, выкананых аўтамабілямі сьмецяроў. Прапануецца ж плаціць за рэальную вагу сьмецьця. Экспэрты кажуць: у гэтым выпадку для ўладальнікаў лецішчаў такая паслуга стане таньнейшай.
У жніўні 2017 году ўрад зацьвердзіў Нацыянальную стратэгію па абыходжаньні з цьвёрдымі камунальнымі адкідамі да 2035 году.
Мяркуецца, што на душу насельніцтва будзе прыпадаць 320–380 кіляграмаў адкідаў, штогадовыя аб’ёмы іх утварэньня ацэньваюцца ў межах ад 3,5 да 4 мільёнаў тон.
Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня загадаў сваёй адміністрацыі ўзяць на «жорсткі кантроль» пытаньні перапрацоўкі адкідаў: макулятуры, мэталічных вырабаў і плястыку.