Самалёт з грузам беларускай гуманітарнай дапамогай афрыканскім краінам рыхтуецца да вылету, паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў 16 красавіка.
Месяцам раней на ўсходняе ўзьбярэжжа Афрыкі абрынуўся цыклён «Ідай». Залевы і вецер з парывамі да 177 км/г прынесьлі значныя разбурэньні, загінула да тысячы чалавек. Па гуманітарную дапамогу зьвярнуліся 65 тысяч жыхароў, больш за паўмільёна засталіся без жытла і харчоў.
Пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам і паводле пастановы Савету Міністраў Беларусь высылае ў Мазамбік і Зымбабвэ цукар, муку, тушаніну, дзіцячыя кансэрвы, мыла, коўдры, пральны парашок, адзеньне і абутак, школьныя сшыткі і сталовыя прыборы на агульную суму 656 421 рубель і 53 капейкі.
Калі дакладна адбудзецца вылет, не паведамляецца. Але МНС публікуе фота загрузкі самалёта гуманітарнай дапамогай. Супрацоўнікі МНС маюць суправаджаць груз і рагзружаць самалёт па прылёце.