Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка распавёў, пра што гаварыў з Макронам і Мэркель


Кіраўнікі Францыі, Нямеччыны і Ўкраіны. 2018 год.
Кіраўнікі Францыі, Нямеччыны і Ўкраіны. 2018 год.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, знаходзячыся ў Парыжы, на наўпроставай сувязі з тэлеканалам «Інтэр» распавёў пра сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам 12 красавіка. Па словах Парашэнкі, ён узгадніў з эўрапейскімі калегамі пачатак перамоваў у нармандзкім фармаце пасьля другога туру выбараў ва Ўкраіне.

«Мірны працэс прадугледжвае — і пра гэта таксама было дамоўлена зь лідэрамі Эўропы на маіх сёньняшніх сустрэчах, каб найперш рэалізоўваўся кампанэнт бясьпекі. Кампанэнт бясьпекі: гэта і вывад замежных войскаў, і вывад ваеннай тэхнікі і артылерыі, і пажаданьне Ўкраіны, да якога, я цьвёрда перакананы, прыслухоўваюцца нашы партнэры, кантроль, у тым ліку і праз міратворчыя апэрацыі, некантралюемага ўчастку расейска-ўкраінскай мяжы. І за пэўны прамежак часу, мы дамовіліся, што гэта будзе не пазьней за сакавік 2020 году, да часу, калі праводзяцца мясцовыя выбары, будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для пачатку палітычнага працэсу. І я хачу падзякаваць і канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель, і прэзыдэнту Францыі Эмануэлю Макрону за свабоду, за рашучую ініцыятыву, якая можа быць рэалізавана адразу ж пасьля майго перавыбраньня», — сказаў Парашэнка.

Ён дадаў, што абмяркоўваў з эўрапейскімі лідэрамі пытаньне ўкраінскіх палонных і палітвязьняў: «Мною было ўзьнятае пытаньне і вызваленьня закладнікаў».

Ён яшчэ раз згадаў пра неабходнасьць правесьці дэбаты ў студыі Грамадзкага вяшчальніка 19 красавіка і паўтарыў запрашэньне да свайго апанэнта Ўладзіміра Зяленскага — на гэты дзень і на тыдзень раней, 14 красавіка.

«Не хавайцеся, не бойцеся, прыходзьце, распавядзіце, што вы маеце, для таго, каб украінцы гэта пачулі. Будуць неабходныя яшчэ адны дэбаты — прашу вельмі, мы дамовімся і аб прызначэньні і пасьля 14 чысла, 15-га, 16-га, 7-га. Як будзеце гатовыя — паведаміце», — падсумаваў Парашэнка.

І Парашэнка, і Ўладзімір Зяленскі 12 красавіка наведалі Парыж, дзе па чарзе сустрэліся з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Парашэнка да таго таксама сустрэўся з лідэркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG