Прэзыдэнт Францыі днём у пятніцу, 12 красавіка, прыняў у Элізэйскім палацы кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Сустрэча пачалася прыкладна ў 15 гадзін. У прэс-службе прэзыдэнцкай адміністрацыі ўдакладнілі, што адной з тэмаў перамоваў будзе лёс «нармандзкага фармату».
Пазьней увечары Эмануэль Макрон павінен прыняць у Элізэйскім палацы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.
Мэта сустрэчаў Макрона зь Зяленскім і Парашэнкам — ацаніць стан франка-ўкраінскіх адносін і пэрспэктывы ўрэгуляваньня канфлікту ў Данбасе, заявіла раней крыніца з каманды прэзыдэнта Францыі.
У Элізэйскім палацы асабліва падкрэсьлілі, што Ўладзіміру Зяленскаму падрыхтавалі «больш нефармальны» прыём, а Пятра Парашэнку будуць сустракаць «з усёй пашанай», як і належыць пры прыёме кіраўніка дзяржавы, паведамляе Міжнароднае францускае радыё.