На працягу двух апошніх гадоў Уладзімір Зяленскі як найменей адзінаццаць разоў лётаў у Жэнэву, калі там жыў алігарх Ігар Каламойскі, а пасьля яго пераезду ў Ізраіль Зяленскі летам 2018 года яшчэ двойчы лётаў у Тэль-Авіў.
У кожнай другой паездцы Зяленскага суправаджаў юрыст алігарха Андрэй Богдан, які ў выніку стаў галоўным юрыдычным дарадцам кампаніі Зяленскі на выбарах прэзыдэнта. Пра гэта гаворыцца ў праграме расьсьледаваньняў «Схемы», паведамляе Настоящее время.
Паводле расьсьледаваньня «Схемаў», у Жэнэву Зяленскі лётаў у лютым, красавіку, лістападзе і сьнежні 2017 году, а затым у студзені, у лютым (двойчы), у сакавіку, у красавіку (двойчы) і ў чэрвені 2018 года. У пяці з гэтых паездак Андрэй Богдан ляцеў разам зь ім.
Пасьля пераезду Ігара Каламойскага ў Ізраіль у канцы лета 2018 году Зяленскі яшчэ двойчы зьлятаў у Тэль-Авіў, таксама ў суправаджэньні Андрэя Богдана — у лістападзе і снежні 2018 года. Падчас сьнежаньскай паездкі да іх далучыўся старшыня партыі «Слуга народа» Іван Баканаў.
Журналісты адзначаюць, што Зяленскі на працягу гэтага часу неаднаразова лётаў на прыватных самалётах разам з бізнэс-партнэрамі алігарха — Генадзем Багалюбавым, братамі Ігарам і Рыгорам Суркіс, Цімурам Міндзічам.
Алігарх Ігар Каламойскі ў тэлефонным камэнтары «Схемам» спачатку паведаміў, што Зяленскі сапраўды лётаў да яго на дзень нараджэньня ў Жэнэву ў лютым 2018 году. А на ўдакладненьне, ці гэта была іх апошняя сустрэча, алігарх дадаў: «Па-мойму, так. Вы калі пачынаеце, задаеце пытаньне, як сьледчы, так я пачынаю круціцца. Ну, можа, дзе і перасекся, але чорт яго ведае. Ну, мэтанакіраваных сустрэч якіхсьці няма. Тым больш, мы ж разумелі, што ўжо пачалася палітычная гісторыя, таму ўсе гэтыя сувязі, яго кампрамэтуючыя, нам не патрэбныя».
Андрэй Богдан адмовіўся казаць пра прычыны наведваньня Жэнэвы і Тэль-Авіва ў кампаніі Зяленскага, спасылаючыся на тое, што гэта «яго прыватнае жыцьцё».
Атрымаць тлумачэньні Зяленскага пра прычыны частых пералётаў у Тэль-Авіў і Жэнэву з юрыстам алігарха не атрымалася — у апошнія дні ён не зьяўляўся на публіцы, на званкі журналістаў не адказваў, а яго штаб пакінуў без адказу запыт «Схемаў» з просьбай аб камэнтары.
31 сьнежня 2018 га актор і сузаснавальнік «Студыі» Квартал 95″ Уладзімір Зяленскі публічна абвясьціў, што возьме ўдзел у наступных выбарах прэзыдэнта Ўкраіны.
Партыя «Слуга народа» была зарэгістраваная пад гэтай назвай у канцы 2017 году.