Прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр, які кіраваў Суданам 30 гадоў, пакінуў сваю пасаду.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на ўрадавыя крыніцы. Агенцтва дадае, што аль-Башыр знаходзіцца пад вартай, а ў краіне пачаліся кансультацыі наконт стварэньня «пераходнай рады».
Зранку 11 красавіка пачалі зьяўляцца не пацьверджаныя паведамленьні, што ў Судане адбыўся вайсковы пераварот, які адхіліў аль-Башыра ад улады.
Амар Хасан Ахмад аль-Башыр рэгулярна фігураваў у сьпісах самых жорсткіх дыктатараў сьвету, часта яго называюць самым жорсткім у Афрыцы. Бывала, што аль-Башыра называлі наогул найгоршым дыктатарам сьвету — напрыклад, такім яго назваў у сярэдзіне 2000-х часопіс Parade. Нью-Ёркская газэта Epoch Times паставіла аль-Башыра на 5-е месца ў сьвеце — сьледам за ім ішоў якраз Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з аль-Башырам двойчы: у 2017 годзе ў Хартуме і ў 2018-м — у Менску.
Аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку вайсковага перавароту.
У 2009 годзе ён стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, на якога быў выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом. Яго прызналі вінаватым у кіраваньні кампаніяй масавых забойстваў, гвалтаваньняў і рабаваньняў у правінцыі Дарфур, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва.
Канфлікт у Дарфуры, які трывае з 2003 году, паводле ацэнак ААН, забраў жыцьці 300 тысяч чалавек. ЗША і шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі дзеяньні суданскіх уладаў у Дарфуры генацыдам.
Незалежнасьць ад Судану ў 2011 годзе абвясьціў Паўднёвы Судан, у якім у 2013 годзе пачалася ўласная грамадзянская вайна.