Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады дазволілі паставіць бюст Алеся Адамовіча на ягонай радзіме


Макет бюста Алеся Адамовіча
Макет бюста Алеся Адамовіча

Бабруйскі райвыканкам дазволіў паставіць бюст пісьменьніка Алеся Адамовіча (1927–1994) на ягонай малой радзіме — у пасёлку Глуша.

Ліст з «узгадненьнем устаноўкі» атрымаў лідэр кампаніі за ўшанаваньне пісьменьніка Андрусь Архіпенка.

Грошы на выраб бюста, 6 тысяч даляраў, сабралі летась талакой. Цяпер за працу возьмуцца скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей, кажа Архіпенка.

Эскіз бюста прэзэнтавалі летась у кастрычніку на адкрыцьці ў Глушы арт-абʼекта «Прыпынак Адамовіча».

Калі зьявіцца музэй Адамовіча, бюст перанясуць да яго

Андрусь Архіпенка кажа, што каля Дому культуры бюст мае стаяць часова. У будынку старой пасялковай аптэкі плянуюць адкрыць музэй Адамовіча, і тады бюст перанясуць да яго.

Андрусь Архіпенка з дачкой Алеся Адамовіча — Натальляй
Андрусь Архіпенка з дачкой Алеся Адамовіча — Натальляй

«Апекавацца музэем будзе грамадзкая арганізацыя, стварэньнем якой мы цяпер займаемся», — кажа ён.

Сродкаў на рамонт будынка не хапае

Аднак грошай на рамонт будынка пад музэй не хапае. Амаль за чатыры гады на дабрачынны рахунак пералічана каля 12 тысяч рублёў — гэта дзясятая частка патрэбнай сумы.

Будынак старой бібліятэкі
Будынак старой бібліятэкі
Пасялковы дом культуры, каля якога паставяць бюст Алеся Адамовіча
Пасялковы дом культуры, каля якога паставяць бюст Алеся Адамовіча

У 2016 годзе гаварылася, што на рамонт будынка, які два дзясяткі гадоў пуставаў і цяпер аварыйны, патрабуецца каля мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). 5 тысяч даляраў, якія ахвяравала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, — гэта больш як 90 адсоткаў ад усяго, што сабрана.

Бюст Адамовіча паставяць на Кастрычніцкай вуліцы

Дом культуры і старая аптэка месьцяцца на Кастрычніцкай вуліцы. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць яе ў вуліцу Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Але ўлады яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку.

Генік Лойка з макетам бюста Алеся Адамовіча
Генік Лойка з макетам бюста Алеся Адамовіча

Алесь Адамовіч пахаваны на глушанскіх могілках. Непадалёк і магіла ягонай маці Ганны. Яна працавала ў аптэцы. У дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі» Алесь Адамовіч апісваў, як працуе вясковая аптэка, перадаўшы праз гэта атмасфэру жыцьця пасялкоўцаў пад нацысцкай акупацыяй. Ягоная дачка Натальля хоча, каб у музэі адчувалася тая атмасфэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG