Амаль поўны падлік галасоў выбарнікаў на парлямэнцкіх выбарах у Ізраілі 9 красавіка паказаў, што партыя прэм'ер-міністра «Лікуд» можа сфармаваць правую кааліцыю і пакінуць Біньяміна Нэтаньягу ў крэсьле кіраўніка ўраду на пяты тэрмін.
Сайт Кнэсэту апублікаваў дадзеныя афіцыйнага падліку больш як 96 адсоткаў падлічаных па стане на 10 красавіка галасоў, і «Лікуд» ды іншыя правыя партыі атрымліваюць ад 65 да 67 месцаў у 120-месным заканадаўчым органе.
Чакаецца, што менавіта «Лікуд» будзе мець 38 месцаў у парлямэнце, а яе саперніца — партыя «Сіне-белыя» былога кіраўніка Генштабу Арміі абароны Ізраілю Бэні Ганца — 35.
Між тым некалькі невялікіх нацыяналістычных партый, якія абяцалі падтрымаць Нэтаньягу, атрымалі дастаткова месцаў, каб гарантаваць прэм'еру кааліцыю з парлямэнцкай большасьцю.
Раней, калі было палічана каля паловы галасоў, Нэтаньягу абвясьціў пра сваю перамогу і сказаў, што ягоны вынік — «дасягненьне» выбарнікаў. Ён паабяцаў стварыць правы нацыяналістычны ўрад.
Канчатковыя афіцыйныя вынікі будуць пазьней на працягу дня.
Нэтаньягу быў прэм’ерам у 1996–1999 гадах, затым два гады быў міністрам фінансаў, урэшце стаў лідэрам апазыцыі, з 2009 году прабыў прэм’ерам яшчэ тры тэрміны запар.