Самымі шпаркімі тэмпамі насельніцтва скарачаецца ў Віцебскай вобласьці — мінус 6,8 тысячы за год. Свабода паглядзела, у якіх беларускіх гарадах жыхароў усё ж становіцца больш.
За год насельніцтва Беларусі скарацілася па ўсіх абласьцях і ў Менску: мінус 26 011 чалавек, паводле Белстату, за 2018 год. Найбольшае скарачэньне — у Віцебскай вобласьці: мінус 6846 чалавек. Найменшае — у Менску: мінус 13 чалавек.
Найбольшымі тэмпамі скарачаецца насельніцтва на вёсцы: мінус 22 720 чалавек за год. У горадзе скарачэньне не такое імклівае: мінус 3291 чалавек за год. Глядзім, дзе насельніцтва расьце, нягледзячы на агульную адмоўную дынаміку, а дзе скарачаецца.
Дзе расьце
У Берасьці за год дадалося 1011 чалавек, а сельскае насельніцтва па ўсёй вобласьці скарацілася на 3655 чалавек. Гэта значыць, што жыхары вёсак пераяжджаюць у гарады. Найбольш прывабным, мяркуючы па статыстыцы, выглядае абласны цэнтар.
Такая дынаміка ўласьцівая для ўсіх гарадоў — напрыклад, у Бярозе прыбавілася 67 жыхароў, а вясковае насельніцтва па ўсім раёне зьменшылася на 275 чалавек. А вось у Берасьцейскім раёне сельскіх жыхароў паболела на 18 чалавек — гэта зьвязана з блізкасьцю абласнога цэнтру.
Гарады, дзе найбольш прырасло насельніцтва:
- Берасьце (+1011 чалавек)
- Горадня (+848)
- Жлобін (+331)
- Пінск (+202)
- Фаніпаль (+135)
- Жодзіна (+90)
- Салігорск (+86)
- Янаў (+85)
- Кобрынь (+75)
- Дзяржынск (+73)
- Стоўпцы (+70)
- Івацэвічы (+69)
Дзе скарачаецца
Найбольш насельніцтва скарачаецца ў вёсках, але ёсьць і гарады, дзе гэты працэс адбываецца даволі імкліва. Вось у гэтых гарадах насельніцтва за год скарацілася найбольш:
- Ворша (—585)
- Бабруйск (—570)
- Барысаў (—299)
- Наваполацак (—286)
- Полацак (—254)
- Сьветлагорск (—252)
- Маладэчна (—150)
- Рэчыца (—130)
- Гарадок (— 116)
- Крычаў (—96)
А так выглядае скарачэньне насельніцтва па абласных цэнтрах:
- Віцебск (—879)
- Гомель (—474)
- Магілёў (—243)
- Менск (—13)