Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі перад дэбатамі зь Пятром Парашэнкам раніцай 5 красавіка першы здаў аналіз крыві. Відэа працэсу апублікавалі ў афіцыйным фэйсбуку кандыдата. Гэта была адна з умоваў Зяленскага перад пачаткам дэбатаў.
Перад пачаткам працэдуры Зяленскі выпіў шклянку вады. Вынікі аналізаў будуць гатовыя праз тры дні. Журналісты падкрэсьлілі, што для паўнавартаснага аналізу трэба здаваць на аналізы валасы і пазногці. Зяленскі адказаў: «Скажуць — будзем».
Потым таксама ў рэжыме онлайн кроў здаў дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Ён зрабіў гэта ў мэдпункце Нацыянальнага спарткомплексу «Алімпійскі» ў Кіеве.
3 красавіка Ўладзімір Зяленскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку выклаў ролік з умовамі ўдзелу ў дэбатах.
«Кандыдаты абавязкова павінны прайсьці мэдыцынскую экспьртызу і даказаць народу, што сярод іх няма ні алькаголікаў, ні наркаманаў. Краіне патрэбен здаровы прэзыдэнт.
У знак павагі як мінімум да траціны грамадзян Украіны вы павінны публічна сказаць, што дэбаты адбудуцца не з марыянэткай Крамля ці Каламойскага, ня з ватнікам, не з маларосам, ня з быдлам, ня з клоўнам, а з кандыдатам у прэзыдэнты Ўкраіны Уладзімірам Зяленскім. Даю вам 24 гадзіны», — сказаў тады Зяленскі і прапанаваў правесьці дэбаты на стадыёне.
«Стадыён дык стадыён», — адказаў 5 красавіка Пятро Парашэнка і пагадзіўся з прапановай Зяленскага.
Тады ж Зяленскі прапанаваў кіраўніку партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнцы, якая заняла трэцяе месца ў першым туры выбараў, стаць незалежным арбітрам падчас ягоных дэбатаў з дзейным кіраўніком дзяржавы Пятром Парашэнкам.
Намесьнік старшыні ЦВК Украіны Яўген Радчанка заявіў, што фармат дэбатаў на стадыёне, прапанаваны кандыдатамі ў прэзыдэнты, павінен разглядацца як перадвыбарная агітацыя, а таму аплочвацца будзе іх выбарчымі штабамі, а не зь бюджэту краіны.
Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне адбудзецца 21 красавіка. У ім возьмуць удзел Ўладзімер Зяленскі і Пятро Парашэнка.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.