Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці ў справе аб патронах і выбухоўцы затрымалі і сына Майсея Мазько


Затрыманьне Майсея Мазько на трасе 1 красавіка
Затрыманьне Майсея Мазько на трасе 1 красавіка

Позна ўначы на 5 красавіка стала вядома, што ў Берасьці затрымалі Дзяніса Мазько — сын пратэстоўца супраць акумулятарнага заводу, на якога завялі крымінальную справу за патроны і выбухоўку.

Як расказаў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, учора прайшоў трэці ператрус на сядзібе Мазько. Пасьля ператрусу Дзяніс Мазько паехаў зь міліцыянтамі і ня выйшаў.

«Пры падтрымцы АМАПу і службовага сабакі правялі ператрус на надзеле, дзе разьмешчаны падмурак, вагончык. Нічога не знайшлі, нічога не забіралі, але позна ўвечары Дзяніса запрасілі ў Сьледчы камітэт, доўга дапытвалі, і а 1.30 стала вядома, што яго затрымліваюць у крымінальнай справе на трое сутак. У той жа справе, што і Майсея», — расказаў праваабаронца.

Раман Кісьляк кажа, што ініцыятыўная група пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу лічыць гэтыя падзеі правакацыяй «з мэтай зрабіць брудны піяр, дыскрэдытаваць пратэст».

4 красавіка пратэстоўцы супраць заводу АКБ у Берасьці абвясьцілі кампанію за вызваленьне Майсея Мазько, а цяпер і ягонага сына Дзяніса.

«Першы крок — гэта накіраваньне лістоў-паштовак Майсею і Дзянісу Мазько ў ізалятар па адрасе: Берасьце, завулак Брэсцкіх дывізій, 9а, ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС г. Берасьця», — сказаў Раман Кісьляк.

Таксама, на салідарнасьць з затрыманымі многія праціўнікі акумулятарнага заводу масава зьмяняюць аватаркі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах на фота Майсея Мазько з надпісам «Свабоду!»

Апроч таго, паведаміў Раман Кісьляк, ініцыятыўная група пратэстоўцаў праводзіць сваё расьсьледаваньне і мае зьвесткі, што апошнія дні за аўтамабілем Майсея Мазько сачылі.

«Зьвяртаемся да тых, хто быў у манастыры ў Брэсцкай крэпасьці на машыне 31 сакавіка, 1 і 2 красавіка. Цікавяць відэазапісы рэгістратараў аўто. Асаблівая ўвага на Нісан Кашкай і трох мужчын, якія ў ім знаходзіліся, заходзілі ці выходзілі з гэтага аўто. Меркавана, людзі на гэтым аўтамабілі сачылі за Майсеем Мазько. Будзем удзячныя за любую інфармацыю і відэаматэрыял», — распавёў Раман Кісьляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG