Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прапануе прызначыць Цімашэнку «незалежным арбітрам» на дэбатах з Парашэнкам. Відэа

абноўлена

Уладзімір Зяленскі, Пятро Парашэнка, Юліяч Цімашэнка.
Уладзімір Зяленскі, Пятро Парашэнка, Юліяч Цімашэнка.

Кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімір Зяленскі прапануе прызначыць лідэра «Бацькаўшчыны» Юлію Цімашэнку «незалежным арбітрам» на яго дэбатах з дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.

«Каб пазьбегнуць подкупу, правакацый, адміністрацыйнага ціску мы прапануем прызначыць асобнага незалежнага арбітра і вядучага для правядзеньня дэбатаў. Юлія Цімашэнка, вы занялі трэцяе месца і не падтрымалі ніводнага з кандыдатаў, ці зможаце вы стаць гарантам сумленных правілаў і роўных магчымасьцяў на дэбатах? Чакаю адказ на працягу 24 гадзінаў», — сказаў Зяленскі у сваім відэазвароце.

Дзейны прэзыдэнт Украіны і кандыдат у прэзыдэнты на другі тэрмін Пятро Парашэнка заклікаў кандыдата Ўладзімера Зяленскага, які таксама выйшаў у другі тур, на публічныя дэбаты. Зяленскі пагадзіўся, але выставіў умову: на нацыянальным стадыёне «Алімпійскі». Парашэнка пагадзіўся, але ёсьць нюанс.

На відэазварот Зяленскага сам Парашэнка адказаў відэазваротам, у якім згадаў, што закон «Аб выбарах» рэглямэнтуе правядзеньне тэледэбатаў: у жывым эфіры цягам адной гадзіны з 19 да 22 гадзіны з трансьляцыя на Першым канале Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі (відэа таксама бясплатна даецца на рэтрансьляцыю іншым каналам).

Дэбаты на стадыёне там не прадугледжаныя, «але стадыён дык стадыён», сказаў Парашэнка.

Ці пагадзілася на дэбаты кіраўніцтва стадыёну (якім валодае Міністэрства спорту), пакуль невядома. Пасьля відэа Зяленскага, але да відэа Парашэнкі са стадыёну пісалі, што не атрымлівалі прапановаў па дэбатах.

Некаторыя карыстальнікі сацсетак тым часам адзначалі, што зьвядзеньне ў адно месца дзясяткаў тысячаў прыхільнікаў дзьвюх розных палітычных плыняў на праслухоўваньне спрэчак кандыдатаў можа быць небясьпечным. Як і ў час футбольных «дэрбі», магчымыя бойкі і беспарадкі.

А што ў законах

Да публікацыі відэа Парашэнка публікаваў на сваім Telegram-канале галасаваньне аб тым, ці варта яму «дзейнічаць законна» (за гэта аддалі тры чвэрці галасоў), ці «парушыць закон» (чвэрць).

Але менавіта закон «Аб выбарах» дэбаты на стадыёне не парушаюць: той дазваляе публічныя дэбаты як форму агітацыі, таксама як дазваляе дыскусіі, зборы, мітынгі і іншае. Рэглямэнтуецца парадак менавіта тэледэбатаў, але ня іншых формаў дыскусіяў.

Ды як Парашэнка, так і Зяленскі кажуць пра трансьляцыю дэбатаў праз тэлевізію. То значыць, тэледэбаты. А палажэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі пра парадак правядзеньня тэледэбатаў абавязвае праводзіць іх у студыі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. І калі кандыдаты ня зьявяцца ў студыі нацыянальнай тэлевізіі, падрыхтаваны тэкст звароту да гледачоў:

«Прабачце, кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны [прозьвішчы, імёны, імёны па бацьку] не зьявіліся ў студыю для ўдзелу ў тэледэбатах».

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG