Украінская служба Радыё Свабода за некалькі месяцаў перад выбарамі разаслала аднолькавыя пытаньні кандыдатам у прэзыдэнты Ўкраіны.
Адказалі на пытаньні 18 кандыдатаў, а яшчэ некалькі, сярод іх і прэс-служба Юліі Цімашэнкі, абяцалі, але так і не даслалі адказы. Не адказаў і дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Публікуем адказы Ўладзіміра Зяленскага, які набраў найбольш галасоў у першым туры (30,24%) і выйшаў у другі зь Пятром Парашэнкам (15,95%).
1. Які ваш самы цёплы ўспамін дзяцінства?
Дзяцінства — бесклапотны, шчасьлівы век. Цёплых успамінаў шмат. Напрыклад, як дзед вадзіў у цір і вучыў страляць з пнэўматычнай зброі. Ці як бабуля вяла зімой у дзіцячы сад — а ў Крывым Рогу былі суровыя зімы, моцныя завеі (стэпавы ж клімат!) — і зьнімала зь сябе шапку, каб закрыць мне твар ад ветру і сьнегу. Такая своеасаблівая «балаклава» у мяне была.
2. Ваш любімы фільм?
Я заўзяты кінаман. Не магу назваць адзін-аднюткі ўлюбёны фільм, іх шмат. Ёсьць такія, якія я глядзеў некалькі разоў. Напрыклад, «Чалавек дажджу» Бары Левінсана, «Хросны бацька» Фрэнсіса Форда Копалы, «Аднойчы ў Амэрыцы» Сэрджыя Леонэ, «Палёт над гняздом зязюлі» Мілаша Формана.
3. Ваша любімая кніга?
Назваць адну немагчыма. У розныя пэрыяды жыцьця былі і розныя літаратурныя захапленьні. У дзяцінстве, у школе, падабаліся Жуль Вэрн, Артур Конан Дойл, Рэд’ярд Кіплінг, бо хацелася акунуцца ў сьвет прыгод і гераічных учынкаў. У старэйшай школе адкрыў для сябе Чэхава, Гогаля, Франка. Пазьней, у студэнцкія гады, калі я ўжо гуляў у КВЗ і сам пачаў пісаць першыя скетчы, чытаў шмат навэл О. Генры, твораў Джэрома К. Джэрома — літаратуры з тонкім гумарам. Быў пэрыяд захапленьня дэтэктывамі — Эдгара По, Патрык Зюскінда. Цяпер час ад часу вяртаюся да клясыкі — таго самага Чэхава. З павагай стаўлюся да паэзіі Ліны Кастэнкі. А калі ёсьць жаданьне адпачыць, адарвацца ад рэальнасьці, чытаю Дэна Браўна або Акуніна.
4. Назавіце адну рэч, якую б вы ўзялі з сабой на Марс?
Ракета, каб вярнуцца назад. Што там, на Марсе, аднаму рабіць? У ідэале было б мець яшчэ кагосьці з жывых істотаў — каб можна было пагутарыць.
5. Якія тры словы вы гаворыце іншаземцам, якія нічога не ведаюць пра Ўкраіну?
Шаўчэнка. Клічко. «Квартал 95». Мне здаецца, гэта імёны-брэнды, па якіх нашу краіну ведаюць у сьвеце.
6. Што ў вас выклікае найбольшы сум?
Абыякавасьць. Як той казаў, з маўклівай згоды абыякавых людзей на зямлі існуе здрада.
7. Чаму вы больш радуецеся?
Шчырым усьмешкам сваіх дзяцей і проста людзей. Думаю, што чалавек шчасьлівы, калі ён сьмяецца. Нават калі гэты сьмех — скрозь сьлёзы, людзі пазбаўляюцца болю.
8. На якой замежнай мове вы размаўляеце?
На ангельскай.
9. Чаму б вы хацелі навучыцца?
Такіх рэчаў шмат. Напрыклад, дайвінг. Я сапраўды хачу гэтаму навучыцца. Або кантроль уласных эмоцый — часам гэта вельмі важна. Штодня жыцьцё прапаноўвае нам новыя выклікі, чэленджы, зь якіх мы павінны рабіць свае высновы. Штодня новы ўрок.
10. Дзе вы адпачываеце?
Важней ня дзе, а з кім. Час, праведзены зь сям’ёй, — гэта заўсёды адпачынак. Нават калі гэта проста будны вечар.
11. Уладальнікам або акцыянэрам чаго менавіта вы сталі падчас прыватызацыі ў 90-х гадах?
У названы вамі пэрыяд я быў вучнем у школе, а потым студэнтам. Быў уладальнікам сваіх канспэктаў. Ніколі нічога не прыватызаваў. Усё, што маю, зарабіў на працягу жыцьця разам са сваімі партнэрамі і камандай студыі «Квартал 95».
12. Хто зь дзяржаўных дзеячаў сьвету для вас прыклад для перайманьня?
Лі Куан Ю — адзін са стваральнікаў сынгапурскага «эканамічнага цуду».
Уінстан Чэрчыль.
13. У якой з краін сьвету, на ваш погляд, людзям камфортна жыць і чаму?
Усім у сьвеце вядома, што найбольш камфортнае жыцьцё ў скандынаўскіх краінах. Але самае цікавае жыцьце, на маю думку, усё ж у ЗША.
Мяне асабіста ў свой час ўразіла Аўстралія, таму што такой добразычлівасьці і неабыякавасьці з боку звычайных людзей я не сустракаў нідзе. Яшчэ Швайцарыя, якая дзівіць камфортнасьцю, высокім узроўнем жыцьця, ступеньню грамадзянскай адказнасьці і ступеньню ўцягваньня грамадзкасьці ў дзяржаўнае кіраваньне.
14. Якія з правоў чалавека вы лічыце базавымі для сужыцьця людзей?
Годнасьць, свабода і жыцьцё.
15. Якія тры краіны, на вашу думку, зьяўляюцца галоўнымі стратэгічнымі партнэрамі Украіны?
Усе сытуацыйна. Стратэгічнымі партнэрамі ў якіх пытаньнях, якіх напрамках Жыцьцё мяняецца, мы павінны супрацоўнічаць з усімі дзяржавамі, якія не пагражаюць нашай незалежнасьці і суверэннасьці, на выгадных для Ўкраіны ўмовах.
16. Якую б адну рэч вы зьмянілі ў гісторыі незалежнай Украіны, калі б гэта было магчыма?
Трэба думаць не пра тое, што выправіць у мінулым, а пра тое, што пабудаваць у будучыні.
17. Які для вас самы галоўны артыкул Канстытуцыі Ўкраіны?
Трэці. Чалавек, яго жыцьцё і здароўе, гонар і годнасьць, недатыкальнасьць і бясьпека прызнаюцца ва Ўкраіне найвышэйшай сацыяльнай каштоўнасьцю. Правы і свабоды чалавека і іх гарантыі вызначаюць зьмест і накіраванасьць дзейнасьці дзяржавы. Дзяржава адказвае перад чалавекам за сваю дзейнасьць. Зацьвярджэньне i забесьпячэньне правоў і свабодаў чалавека зьяўляецца галоўным абавязкам дзяржавы.
На жаль, як і большасьць іншых добрых артыкулаў Канстытуцыі, трэці артыкул не выконваецца.
18. Назавіце трох найбліжэйшых вам людзей ва ўкраінскім палітыкуме?
Сярод старых палітыкаў такіх няма. Сярод маёй каманды — ёсьць, але іх больш, чым трое.
19. Што адбылося на плошчы Незалежнасці ў Кіеве ў студзені-лютым 2014?
Адбылася Рэвалюцыя Годнасьці. Яе посьпех заключаецца ў тым, што яна здабыла права на годнасьць для кожнага чалавека, незалежна ад статусу.
Шкада, што за гэта было заплачана такую высокую і страшную цану.
20. Чый Крым?
Крым — гэта Ўкраіна. Быў, ёсьць і будзе.
21. Што пачалося на ўсходзе Украіны вясной 2014 году і працягваецца да гэтага часу?
У нас «адсунулі» нашу тэрыторыю. Але гэта часова.
22. Як спыніць вайну?
Вайну спыніць немагчыма. У вайне ты прайграеш або выйграеш. Мы можам перамагчы. Дыпляматыяй, эканамічным ростам і рэальным умацаваньнем арміі.
23. Якім будзе ваш першы ўказ на пасадзе прэзыдэнта Украіны ў выпадку перамогі на выбарах?
Гэта будзе ўказ, якім будзе зацьверджаны плян дзеяньняў па ўкараненьні ва Ўкраіне сапраўднага народаўладзьдзя. Таксама падам законапраекты «Аб зьняцьці недатыкальнасьці з Прэзыдэнта Ўкраіны, народных дэпутатаў і судзьдзяў», «Аб імпічмэнце Прэзыдэнта Ўкраіны», «Аб адклiканьнi народнага дэпутата Украіны».
24. У якую краіну вы зробіце першы афіцыйны візыт у якасьці прэзыдэнта Ўкраіны, калі ім станеце?
Мне здаецца, што на першым этапе прэзыдэнту варта паехаць у рэгіёны і гарады Ўкраіны, якія ўжо даўно патрабуюць увагі з боку ўладаў. Іх шмат у нашай краіне. А ўжо потым — афіцыйныя візыты за мяжу.
25. Якая, на ваш погляд, павінна быць нацыянальная ідэя, якая аб’яднае ўсю краіну?
Годны, свабодны і заможны ўкраінец.