Зранку 4 красавіка ў Курапатах пачалі зносіць крыжы, якія мінулым летам ставіў Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі з боку рэстарацыі «Поедем поедим». Міністэрства культуры ня ведае, што адбываецца.
Будаўнікоў ахоўвае міліцыя і «людзі ў цывільным». На месцы з чыноўнікаў прысутнічае дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч.
Ён адмовіўся камэнтаваць Свабодзе прычыны, па якіх узьнікла неабходнасьць прыбіраць крыжы. І параіў зьвярнуцца ў прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі. Пазьней Мірановіч у камэнтары дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА сказаў, што ў Курапатах праходзяць плянавыя работы па добраўпарадкаваньні, мантуюцца агароджы, «выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды».
Апоўдні ў Курапаты прыехала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Мірановіч адмовіўся тлумачыць ёй сытуацыю, на ейныя пытаньні адказаў «ну і што», адаслаў дэпутатку ў прэс-цэнтар. Яна спрабавала пагутарыць зь ім — Мірановіч адыходзіў ад яе ў бок лесу.
Прадставіць дакумэнты на работы ён адмовіўся, хоць абавязаны, а будаўнічыя работы без адпаведных дакумэнтаў незаконныя. Канапацкая адзначыла, што «няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці».
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.