Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацюшку са свастыкай» прад’явілі новыя абвінавачаньні


Канстанцін Бурыкін падчас суду, ліпень 2017 году
Канстанцін Бурыкін падчас суду, ліпень 2017 году

Міліцыя выявілі новыя факты незаконнай дзейнасьці экс-намесьніка кіраўніка Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, былога сьвятара Канстанціна Бурыкіна, вядомага як «бацюшка са свастыкай».

Яго абвінавачваюць у прысваеньні давераных яму грошай у буйным памеры, паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле апэратыўнікаў, з 2014 па 2016 год Бурыкін, карыстаючыся правам распараджацца грашыма арганізацыі, якія выдаткоўваліся на выправы спартоўцаў, частку сродкаў выкарыстаў на ўласныя патрэбы. Паводле міліцыі, агульная шкода склала каля 17,5 тысячы рублёў. Пра гэта супрацоўнікам галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК ) МУС паведамілі самі спартоўцы, пасьля праверкі інфармацыя пацьвердзілася.

На Бурыкіна завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 211 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Прысваеньне або растрата»), што караецца пазбаўленьнем волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Цяпер Бурыкін адбывае пакараньне у выглядзе трох гадоў пазбаўленьня волі за незаконнае валоданьне зброяй.

Бурыкін быў вядомы сваёй актыўнасьцю ў шавіністычнай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», або РНЕ. У 2014 годзе стала вядома, што ў сьвятара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрвію СМІ адрокся ад сваіх былых захапленьняў. Пры гэтым ён захоўваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол», гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы на базе ягонага прыходу.

Беларускага грамадзянства Бурыкін ня меў, як ня меў і духоўнай адукацыі. Сьвятарскі сан ён атрымаў разам з абяцаньнем збудаваць храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Менску. Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калесьнік, старшыня БФСТ «Дынама».

Яго арыштавалі ў лістападзе 2016 году. Тады сьвятара часова адлучылі ад прыходу, але паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, сану яго не пазбавілі.

10 ліпеня Заводзкі суд Менску прызнаў былога сьвятара Канстанціна Бурыкіна вінаватым у захоўваньні зброі і патронаў да яе ды асудзіў на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.

На судзе віну ў захоўваньні зброі былы сьвятар прызнаў, але папрасіў суд не пазбаўляць яго волі «дзеля чацьвярых дзяцей». Свае дзеяньні Бурыкін патлумачыў легкадумнасьцю і сказаў, што зброю яму перадалі актывісты РНЕ, зь якімі ён падтрымліваў стасункі як сьвятар — праводзіў для іх рэлігійныя абрады.

Бурыкін ня ўтойваў, што раней прытрымліваўся нэанацысцкіх поглядаў, але адмаўляў, што займаўся прапагандай экстрэмізму і фашызму. Наяўнасьць у ягоным доме кніг і кампакт-дыскаў пра нацысцкую Нямеччыну Бурыкін патлумачыў захапленьнем гісторыяй. Пра другую сэнсацыйную знаходку, жырандолю ў выглядзе свастыкі, падсудны сказаў, што для яго свастыка — рэлігійны сымбаль, а ня сымбаль Нямеччыны часоў Гітлера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG