Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын футбаліста Пракапенкі дамагаецца помнікаў бацьку ў Менску і Бабруйску


Зьміцер Пракапенка на магіле бацькі пад Бабруйскам
Зьміцер Пракапенка на магіле бацькі пад Бабруйскам

Пра «народнага футбаліста» 1980-х гадоў Аляксандра Пракапенкі, выйшлі кніга, дакумэнтальны фільм і песьня. Ягоны сын Зьміцер, бізнэсовец з ЗША, хоча, каб зьявіліся і помнікі.

29 сакавіка споўнілася 30 гадоў пасьля заўчаснай сьмерці аднаго з самых таленавітых і папулярных футбалістаў Беларусі — Аляксандра Пракапенкі. Яму было ўсяго 35.

Жонка і сын Пракапенкі неўзабаве пасьля ягонай сьмерці зьехалі ў ЗША, але не пакідаюць спадзяваньняў ушанаваць ягоную памяць помнікамі на радзіме, у Бабруйску, і ў Менску, дзе прайшлі самыя насычаныя і пасьпяховыя гады легендарнага паўабаронцы.

«Пракоп», які зьбіраў стадыёны

«Пракоп», як па-сяброўску называлі яго аднаклюбнікі, — адзін з самых уганараваных беларускіх футбалістаў: майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў-1980, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году ў складзе «Дынама» (Менск), № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў першынства ў год дынамаўскага трыюмфу.

Эмоцыі «народнага футбаліста»
Эмоцыі «народнага футбаліста»

Ён нарадзіўся 16 лістапада 1953 году ў Бабруйску, гуляў за родную школу № 3, потым у мясцовай камандзе «Будаўнік». У 19-гадовым узросьце, яшчэ падчас вучобы ў Беларускім інстытуце фізкультуры, атрымаў запрашэньне ў менскае «Дынама».

Гэта быў адзін з гульцоў, на якога ішлі глядзець адмыслова. Аматараў футболу падкупляла, што «Пракоп» знаходзіўся ў пастаянным руху, усё рабіў на высокай хуткасьці і дзякуючы выдатнай тэхніцы мог «расстраляць» брамніка практычна зь любой пазыцыі і з абедзьвюх ног. За «Дынама» ён забіў сапернікам больш за паўсотні галоў на любы густ, адзін зь іх, пяткай, дагэтуль згадваюць як футбольны шэдэўр.

«Пракоп» зь сябрамі Ігарам Гурыновічам і Юрыем Курненіным
«Пракоп» зь сябрамі Ігарам Гурыновічам і Юрыем Курненіным

Аднак маральны і псыхалягічны груз аказаўся занадта цяжкім для простага хлопца з Бабруйску. У 1983-м, ужо на наступны год пасьля перамогі менскага клюбу ў першынстве СССР, яго адлічылі з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», празьмернае ўжываньне алькаголю. Двойчы за наступныя пяць гадоў ён аказваўся ў лячэбна-працоўным прафілякторыі, хоць у перапынках яшчэ выступаў за менскае «Тарпэда», магілёўскі «Дняпро» і бакінскі «Нефтчы» — але без былога імпэту.

Улюбёнец заўзятараў памёр 29 сакавіка 1989-га, неўзабаве пасьля вяртаньня з мазырскага ЛТП. У яго засталіся маладая жонка і 12-гадовы сын. Аляксандар Пракапенка пахаваны на могілках вёскі Такары Бабруйскага раёну, у роднай вёсцы ягонай мамы, настаўніцы беларускай мовы.

Аляксандар Пракапенка з маленькім сынам Дзімам
Аляксандар Пракапенка з маленькім сынам Дзімам

Празь 10 гадоў пасьля страты жонка футбаліста Натальля і сын Зьміцер атрымалі «Зялёныя карты» і зьехалі ў Нью-Ёрк. Сувязі з радзімай ня страчваюць, стараюцца рэгулярна наведвацца ў Беларусь.

Спадарыня Натальля ўжо на пэнсіі, Зьмітру 42, ён мае ўласны рэклямны бізнэс. Хоць палову свайго жыцьця правёў за акіянам, удзельнічае ў культурніцкіх і асьветніцкіх імпрэзах дыяспары, гаворыць па-беларуску, мае вялікі кнігазбор беларускай літаратуры. На аматарскім узроўні займаўся футболам. А яшчэ паставіў за мэту ўзьняць на годны ўзровень спадчыну бацькі.

Лёс, варты мастацкага фільму

«У прынцыпе, гэта лёс, варты мастацкага фільму, — гаворыць Свабодзе Зьміцер Пракапенка. — Ва ўсім сьвеце ўшаноўваюць сваіх герояў: паглядзіце, колькі апошнім часам зьнята пра хакеістаў, баскетбалістаў, футбалістаў у Расеі, тое ж у ЗША, дзе спорт уведзены ў культ. У Беларусі, калі не памыляюся, мастацкага кіно пра спартоўцаў няма дагэтуль! Так, у таты было кароткае жыцьцё, але яно зьмясьціла ўсё: неймаверны ўзьлёт і жорсткае падзеньне, вясёлыя моманты і боль страты...»

Дакумэнтальны фільм «Народны футбаліст»

У 2016-м на ініцыятыву Зьмітра ўжо зьняты дакумэнтальны фільм «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст», 29 сакавіка яго пакажуць беларускія тэлеканалы. А яшчэ праз год пабачыла сьвет аднайменная кніга ў суаўтарстве з журналістам Сяргеем Лісічкіным, цяпер вядзецца гаворка пра дадатковы наклад.

Зьміцер Пракапенка з кнігай пра бацьку
Зьміцер Пракапенка з кнігай пра бацьку

Песьня пра футбаліста

У сярэдзіне сакавіка на могілкі ў вёску Такары на Бабруйшчыне быў арганізаваны выезд заўзятарскага дэсанту. Прыхільнікі ўшанавалі свайго куміра, упрыгожыўшы помнік дынамаўскай атрыбутыкай, шалікамі і шапачкамі.

А ў жалобны дзень гурт «Беларускія песьняры» выклаў у вольны доступ песьню «Бела-сіняя зорка», прысьвечаную Аляксандру Пракапенку — фронтмэны калектыву Валеры Дайнэка ды Ўладзіслаў Місевіч мелі сяброўскія адносіны з футбалістам. Сьледам зьявіўся кліп, аздоблены архіўнымі здымкамі найлепшых гульнявых момантаў.

Песьня «Бела-сіняя зорка», ансамбаль «Беларускія песьняры»

Таксама Зьміцер марыць пра тое, каб нарэшце зьявіўся помнік на тэрыторыі менскага стадыёна «Дынама» — тут цягам 10 гадоў аматары віталі свайго ўлюбёнага футбаліста.

«Гаворка пра два помнікі, — удакладняе ён. — У Бабруйску ўзгоднена, неўзабаве будзе абвешчаны конкурс праектаў. Спадзяюся, да дня нараджэньня бацькі 16 лістапада скульптура там зьявіцца (арэна ўжо атрымала імя Аляксандра Пракапенкі. — РС). Для Менску таксама рыхтуем архітэктурныя прапановы, усё будзе залежыць ад волі ўладаў. Я хацеў бы, каб сымбалічная фігура стаяла ля цэнтральнай аркі „Дынама“ — і заўзятарам зручна, і турыстам. Ці варыянт нацыянальнага стадыёну, які зьбіраюцца будаваць. Ідуць перамовы, цяпер гэта мой галоўны клопат».

Бабруйскі гарадзкі стадыён імя Аляксандра Пракапенкі
Бабруйскі гарадзкі стадыён імя Аляксандра Пракапенкі

У холе бабруйскага стадыёна таксама плянуецца разьмясьціць экспазыцыю ў гонар славутага земляка. А вось у Менску, як паказвае досьвед, абысьці бюракратычныя бар’еры ня так проста. Пра гэта сьведчыць і гісторыя з намерам паставіць каля крытай лядовай пляцоўкі ў менскім парку Горкага скульптуру хакеіста Руслана Салея, які трагічна загінуў падчас авіякатастрофы ў верасьні 2011-га. Ад ягонай гібелі мінула больш за сем гадоў, але родным і сябрам рэалізаваць задуму не ўдалося дагэтуль.

Некалькі гадоў пайшло на ўзгадненьне памятнай дошкі на доме па вуліцы Энгельса ў Менску, дзе жыў заўчасна памерлы іншы вядомы футбаліст — гулец менскага і кіеўскага «Дынама» і зборнай Беларусі Валянцін Бялькевіч.

Зьміцер Пракапенка на бацькавай магіле
Зьміцер Пракапенка на бацькавай магіле

Як кажа Зьміцер Пракапенка, здавацца ён не зьбіраецца, бо мае маральную падтрымку аўтарытэтаў: ад колішняга трэнэра «Дынама» Эдуарда Малафеева да сяброў бацькі па камандзе — Юрыя Курбыкі, Георгія Кандрацева, Юры Пудышава, Людаса Румбуціса, Сяргея Бароўскага, Андрэя Зыгмантовіча ды іншых. Ня варта адкідваць і тое, што ўжо шмат гадоў уручаецца прыз імя Аляксандра Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульнях за зборную Беларусі».

На якую суму можа пацягнуць помнік, сын футбаліста загадваць не бярэцца: усё залежыць ад амбіцый скульптараў, заяўленага матэрыялу і магчымасьцяў сям’і ды неабыякавых людзей, гатовых падтрымаць задуму.

Дынамаўцы ў майках з выявай "народнага футбаліста"
Дынамаўцы ў майках з выявай "народнага футбаліста"

31 сакавіка перад матчам першага туру з мозырскай «Славіяй» гульцы менскага «Дынама» выйшлі на поле ў футболках пад № 6, пад якім гуляў Аляксандар Пракапенка, а таксама зь яго выявай і надпісам «Народны футбаліст». Такім чынам яны ўшанавалі памяць свайго знакамітага аднаклюбніка.

У дадатак клюбная студыя «Дынама-TV» выпусьціла свой дакумэнтальны фільм пад назвай «Аляксандар Пракапенка. Каб памяталі...». Пра героя арэнаў згадваюць дзіцячы трэнэр Валянцін Дамашкевіч, паэт Ігар Піскун, дырэктар стадыёну «Дынама» Леанід Бандаровіч, трэнэр брамнікаў Аляксандар Марцешкін, заўзятары Сяргей Дзямідаў, Ігар Тараканаў, Мікалай Зуйко, сын футбаліста Зьміцер Пракапенка ды іншыя.

Цяжар народнай увагі

Падчас падрыхтоўкі кнігі пра «народнага футбаліста» Зьміцер цэлы сэзон адпрацаваў у структуры менскага «Дынама», займаўся маркетынгавымі праектамі. Ці ёсьць вера ў каманду, якая ў 1980-я стала трамплінам для бацькі, а цяпер трапляе ў інфармацыйныя зводкі збольшага з нагоды зьмены трэнэраў ды ўласьнікаў?

Дынамаўская атрыбутыка ў футбольным бары Нью-Ёрку
Дынамаўская атрыбутыка ў футбольным бары Нью-Ёрку

«Чэмпіянат Беларусі толькі пачынаецца, па двух кубкавых сустрэчах нешта меркаваць цяжка, — гаворыць Пракапенка-малодшы. — Калі ацэньваць падбор гульцоў, укамплектаваныя нібыта нядрэнна. Таму хочацца верыць, што „Дынама“ будзе перамагаць. Зрэшты, усё стане зразумела пасьля 5-6 тураў — пакуль што замала часу згуляна разам пасьля абнаўленьня складу, плюс вельмі позна быў прызначаны трэнэр. Патрэбны час, каб прызвычаіцца адзін да аднаго...»

Як Зьміцер сам тлумачыць такі хуткацечны сыход бацькі з жыцьця? Ці сапраўды нашкодзіла заўзятарская любоў, якая ў літаральным сэнсе зашкальвала? Нездарма ж «Пракопа» ахрысьцілі «народным футбалістам». Дзе той маральны, псыхалягічны ці, можа, матэрыяльны бар’ер, якога не ўдалося пераадолець?

Зьміцер Пракапенка ў Маямі
Зьміцер Пракапенка ў Маямі

«Пытаньне дакладна не ў грашах, — перакананы ён. — Думаю, якраз у папулярнасьці. Ён стаў адным з самых вядомых на той час гульцоў, значыць, мусіў адпавядаць пэўным маральна-ідэалягічным крытэрам, быць люстэркам дынамаўскага калектыву. Мабыць, папулярнасьць разам з адказнасьцю дзесьці і надламілі. Плюс пастаянны псыхалягічны, маральны прэсінг. А што да грошай, дык ня столькі яны атрымлівалі, каб шыкаваць. Гулялі за ідэю, за радзіму. Якраз той „шчыры футбол“, які прапагандаваў Эдуард Малафееў. Адпрацоўвалі душой і сэрцам...»

Галоўная мэта ўсёй ягонай актыўнасьці, падсумоўвае Зьміцер Пракапенка, — нагадаць беларусам, найперш маладым, што на гэтай зямлі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду ў адной асобе. Чалавек, які шмат дасягнуў у сваёй справе і кім землякі па праве могуць ганарыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG