Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрэска з Грунвальдзкай бітвай зьявілася ў нядзельнай школе горадзенскага праваслаўнага сабора


На росьпісе паказаная перамога воінаў Вялікага Княства Літоўскага над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам. Славутую бітву і праваслаўную царкву лучыць асоба князя Фёдара Астроскага і поле перад Каложай.

​Фрэска на ўсю сьцяну, памерам прыкладна 2 на 6 мэтраў, зьявілася ў адной з аўдыторыяў нядзельнай праваслаўнай школкі каля Сьвята-Пакроўскага сабора. На ёй відаць князь Вітаўт, кароль Ягайла, князь Фёдар Астроскі, вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген. Над творам каля двух месяцаў працаваў мастак Аляксандар Рыбін.

Айцец Георгі Рой
Айцец Георгі Рой

Ідэю настаяцель Сьвята-Пакроўскага сабора айцец Георгі Рой прывёз зь літоўскай Клайпэды. Там у свайго сябра-сьвятара ён убачыў падобны твор. Найбольш яго ўразіў абраз князя Фёдара Астроскага, які змагаўся зь нямецкімі рыцарамі ў Грунвальдзкай бітве, а пасьля стаў манахам і ўшаноўваецца праваслаўнымі як сьвяты.

Князь Фёдар Астроскі (зь німбам) і князь Вітаўт
Князь Фёдар Астроскі (зь німбам) і князь Вітаўт

У той момант, як прызнаецца айцец Георгі Рой, да яго прыйшло асэнсаваньне, наколькі важнай была гэтая бітва для Беларусі і Горадні.

«Гэтая вайна доўжылася амаль паўтара стагодзьдзі. Безьліч разоў крыжакі прыходзілі ў Горадню, штурмавалі горадзенскі замак, спальвалі нашыя вёскі, рабавалі нашую зямлю. Грунвальдзкая бітва паставіла кропку. Гэта была перамога», — адзначае ён.

Кароль Ягайла прымае выклік ад нямецкіх рыцараў
Кароль Ягайла прымае выклік ад нямецкіх рыцараў

Воі Вялікага Княства Літоўскага
Воі Вялікага Княства Літоўскага

Сьцяг войска ВКЛ
Сьцяг войска ВКЛ

У шаломе зь пёрамі — вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген, якога забілі ў той бітве
У шаломе зь пёрамі — вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген, якога забілі ў той бітве

Тэўтонскі ордэн адступае
Тэўтонскі ордэн адступае

Сьвятар адзначае, што гэта гісторыя, якую мы можам асэнсаваць ня толькі з грамадзянскага, але і з рэлігійнага пункту гледжаньня. «За перамогу пад Грунвальдам дзякавалі Богу нашыя продкі, а таксама можам дзякаваць мы, бо нашая зямля засталася нашай зямлёй».

Харугвы Вялікага Княства Літоўскага, якія ішлі на Грунвальд, зьбіраліся ў Горадні, менавіта на полі каля Каложы. Там сьвятары іх бласлаўлялі.

Пад фрэскай выяўленыя гербы Горадзенскай япархіі з калоскім крыжам, герб «Пагоня» і герб Горадні з аленем сьвятога Губэрта
Пад фрэскай выяўленыя гербы Горадзенскай япархіі з калоскім крыжам, герб «Пагоня» і герб Горадні з аленем сьвятога Губэрта

У адрозьненьне ад літоўскага твора, на горадзенскім мастак дадаў крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай
У адрозьненьне ад літоўскага твора, на горадзенскім мастак дадаў крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай

На думку айца Георгія, такую фрэску добра выкарыстоўваць для гістарычнага, патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі. Вучні нядзельнай школы ўжо актыўна разглядаюць твор, цікавяцца, хто на ім паказаны.

У нядзельнай школцы ўжо ёсьць фрэскі «Госпад Уседзяржыцель» і «Стварэньне сьвету». Наступнай плянуюць зрабіць выяву сьвятога Лявонція Карповіча, які выдаў першы беларускі буквар.

Фрэска «Госпад Уседзяржыцель»
Фрэска «Госпад Уседзяржыцель»

Фрэска «Стварэньне сьвету»
Фрэска «Стварэньне сьвету»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG