Фэдэральны канцлер Аўстрыі наведае Беларусь 28-29 сакавіка. Паводле інфармацыі амбасады Аўстрыі ў Беларусі, у склад аўстрыйскай дэлегацыі ўваходзяць каля 40 чалавек — «прадстаўнікі габрэйскіх суполак, сваякі загінулых у Трасьцянцы аўстрыйскіх габрэяў, а таксама прадстаўнікі аўстрыйскай эканомікі», паведамляе БелаПАН.
Сэбастыян Курц разам з Аляксандрам Лукашэнкам прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця помніка «Масіў імёнаў» аўстрыйскім ахвярам на тэрыторыі былога лягеру сьмерці Трасьцянец.
«Разам з Асьвенцімам Малы Трасьцянец — месца, дзе было больш за ўсё аўстрыйскіх ахвяраў Галакосту. Таму для мяне вельмі важна, што разам з прэзыдэнтам Лукашэнкам у Малым Трасьцянцы мы зможам адкрыць помнік 10 тысячам аўстрыйскіх габрэяў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе канцлера з нагоды адкрыцьця помніка. Паводле Курца, тым самым Аўстрыя пацьвердзіць сваю гістарычную адказнасьць за гэтыя неймаверныя зьверствы.
29 сакавіка ў першай палове дня адбудуцца перамовы Курца з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якіх яны плянуюць выступіць з заявай для прэсы.
У завяршэньне візыту канцлер сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, беларускімі ўрадоўцамі і дзелавымі коламі.
Як паведаміла ведамства канцлера, на сустрэчы з Лукашэнкам Курц акрамя двухбаковых адносінаў мае намер абмеркаваць адносіны па лініі Эўразьвяз — Беларусь, а таксама сытуацыю з правамі чалавека.
Сэбастыян Курц заняў пасаду канцлера 18 сьнежня 2017 году пасьля перамогі на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах, стаўшы самым маладым кіраўніком ураду ў Эўропе — на той момант яму быў 31 год. Ён ачольвае выканаўчую ўладу — урад Аўстрыі, і паколькі прэзыдэнт Аўстрыі ажыцьцяўляе пераважна прадстаўнічыя функцыі, рэальна дзяржаваю кіруе канцлер.
У той жа дзень Курца павіншаваў Аляксандар Лукашэнка, а 29 траўня 2018 году Курц і Лукашэнка пагаварылі па тэлефоне, абмяняўшыся запрашэньнямі пра візыты ў свае краіны.
29 чэрвеня прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэл разам зь нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам прымаў удзел у адкрыцьці другой чаргі мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец».
15 студзеня 2019 году Менск наведала міністарка замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль. Яна прыняла ўдзел у адкрыцьці новага офіса амбасады сваёй краіны і паведаміла аб падрыхтоўцы візыту ў Беларусь Сэбастыяна Курца.
19 сакавіка ў Менску прайшло 15-е пасяджэньне беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.