Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наведае канцлер Аўстрыі. Што стаіць за гэтым візытам?


Сэбастыян Курц, архіўнае фота
Сэбастыян Курц, архіўнае фота

Фэдэральны канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц 27–29 сакавіка наведае Менск. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі адразу некалькі незалежных адна ад адной крыніцаў.

Канцлер рэальна кіруе дзяржавай

Паводле Канстытуцыі Аўстрыйскай Рэспублікі, кіраўніком дзяржавы ёсьць прэзыдэнт. Ён абіраецца ўсенародным галасаваньнем на шэсьць гадоў. З 2017 году пасаду займае Аляксандар Ван дэр Бэлен.

Выканаўчую ўладу — урад Аўстрыі — ачольвае канцлер. З 2017 году гэтую функцыю выконвае Сэбастыян Курц. Але паколькі прэзыдэнт ажыцьцяўляе пераважна прадстаўнічыя функцыі, то рэальна дзяржаваю кіруе канцлер.

Візыт Курца анансавала аўстрыйская міністарка Пра тое, што аўстрыйскі канцлер мае намер наведаць Менск, раней паведаміла міністарка ў пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных справаў Карын Кнайсьль. У студзені яна прыяжджала ў Менск. Паводле яе, канцлер будзе ўдзельнічаць у адкрыцьці помніка аўстрыйскім ахвярам лягеру сьмерці «Трасьцянец».

У «Трасьцянцы» ўжо пабывалі два прэзыдэнты Аўстрыі

29 чэрвеня 2018 году ва ўрочышчы Благаўшчыне пад Менскам адбылося ўрачыстае адкрыцьцё другой чаргі мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец» і мітынг-рэквіем на месцы, дзе ў часе Другой усясьветнай вайны нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек, пераважна габрэяў. Аўстрыйскую дэлегацыю тады ачольваў Аляксандар Ван дэр Бэлен.

Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен, Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер падчас адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец»
Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен, Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер падчас адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец»

Амбасдарка Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына тады зьвярнула ўвагу Свабоды на тое, што разам зь дзейным прэзыдэнтам сюды прыехаў і ягоны папярэднік Гайнц Фішэр. Сярод 13 тысячаў аўстрыйскіх габрэяў, зьнішчаных тут, былі сваякі ягонай жонкі.

Чаму Макей так удзячны Курцу

Бадай, ня знойдзеш яшчэ адну дзяржаву Эўразьвязу, з кіраўніцтвам якой у афіцыйнага Менску склаліся б такія добрыя дачыненьні. У студзені на перамовах Уладзімера Макея з Кнайсьль беларускі міністар замежных справаў заявіў, што «абедзьве краіны маюць вельмі падобную пазыцыю ў міжнародных пытаньнях».

«Нашыя краіны зыходзяць зь неабходнасьці зьніжэньня канфрантацыі і ўмацаваньня стабільнасьці ў нашым рэгіёне і ў сьвеце ў цэлым. Мы зыходзім зь філязофіі будаўніцтва мастоў, а ня новых разьдзяляльных лініяў у Эўропе», — завіў Макей.

Ягоная аўстрыйская калега дадала, што Аўстрыя падтрымлівае Менск як месца правядзеньня важных палітычных захадаў і як «горад, які можа злучаць Заходнюю і Ўсходнюю Эўропу». І яшчэ адна цікавая дэталь перамоваў. Макей успомніў, як яго запрасілі ў Вену, калі беларускія ўлады яшчэ былі пад санкцыямі Эўразьвязу. «Гэта быў адважны крок» — задаволена казаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства. Той візыт Макея адбыўся ў 2014 годзе. Запрасіў яго ў Вену на той час наймаладзейшы (28 гадоў) міністар замежных справаў у сьвеце. Прозьвішча таго міністра было Сэбастыян Курц. Прычым Курц ня толькі дружалюбна размаўляў зь беларускім калегам, але і арганізаваў яму сустрэчы з прадстаўнікамі некалькіх міжнародных арганізацыяў.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Сэбастыянам Курцам у траўні 2015 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Сэбастыянам Курцам у траўні 2015 году

Курц ужо двойчы сустракаўся з Лукашэнкам Першы раз цяперашні канцлер сам прыяжджаў у Менск у 2015 годзе — у статусе міністра замежных справаў. Яго прымаў Лукашэнка. Яшчэ раз яны сустракаліся праз год, калі ў Менску праходзіла Парлямэнцкая сэсія АБСЭ. На той час Курц таксама кіраваў міністэрствам. А ў траўні 2018 году Курц, ужо будучы канцлерам, запрасіў падчас тэлефоннай размовы кіраўніка Беларусі наведаць Вену. Лукашэнка зрабіў яму аналягічную прапанову.

Экспэрт: грошы ня маюць паху

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі заўважае: у інтэнсіўных беларуска-аўстрыйскіх дачыненьнях ёсьць моцны фінансавы падмурак. Аўстрыя — адзін зь лідэраў інвэстыцыяў у Беларусь. Найярчэйшыя прыклады — грошы Raiffeisenbank, які фактычна кантралюе беларускі «Пріорбанк», і холдынгу Telekom Austria AG, які стаіць за кампаніяй Velcom.

«Дарэчы, калі спадарыня Кайсьль адкрывала новы будынак амбасады Аўстрыі ў Беларусі, то нельга было не зьвярнуць увагі, што аўстрыйскія дыпляматы разьмясьціліся ў офісе „Пріорбанку“. А аўстрыйскія фінансы на беларускім банкаўскім рынку вельмі істотныя», — адзначае аглядальнік.

Ён таксама зьвяртае ўвагу, што Лукашэнка, калі яшчэ быў неўязным у Эўропу, тым ня менш наведваў Аўстрыю.

«Гэта той выпадак, калі інтарэсы капіталу перавышаюць усё іншае. І цяпер, і раней, калі супраць кіраўніцтва Беларусі дзейнічалі санкцыі, Аўстрыя трымалася асобна», — сказаў Якаўлеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG