Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларушчына не памрэ


1919 год. Дыпляматычныя прадстаўнікі БНР у эўрапейскіх краінах. Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.
1919 год. Дыпляматычныя прадстаўнікі БНР у эўрапейскіх краінах. Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.

На сьвята Дня волі беларусы ў Празе, як заўсёды, ускладалі кветкі да магілаў старшыняў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі ды іншых дзеячаў — у тым ліку да магілы Міколы Вяршыніна.

Гэты новы адрас памяці стаў вядомы толькі летась. Дзякуючы намаганьням беларускага краязнаўцы Сяргея Кнырэвіча на Альшанскіх могілках была знойдзена магіла праскага карэспандэнта «Нашай Нівы» і дыпляматычнага прадстаўніка ўраду БНР у даваеннай Чэхаславаччыне Міколы Вяршыніна.

Вяршынін нарадзіўся ў 1866 годзе, а памёр у 1934-м. Паводле ўзросту ён мог быць бацькам большасьці айцоў-заснавальнікаў БНР. І вось гледзячы на даты надмагільнай пліты Вяршыніна, мне падумалася пра скразную непарыўнасьць беларушчыны ў стагодзьдзях.

Некалі нас вучылі ва ўнівэрсытэтах, што ў 1696 годзе беларуская мова была забароненая і наступілі змрочныя часы палянізацыі XVIII стагодзьдзя, якія зьмяніліся русыфікацыяй XIX стагодзьдзя.

Але мова наша жыла заўсёды і ня толькі пад сялянскімі стрэхамі ў вусных гаворках.

  • Дзясяткі гадоў пасьля 1696 году Магілёўскі магістрат працягваў весьці гарадзкія кнігі па-беларуску.
  • У сталіцы ВКЛ Вільні ў XVIII стагодзьдзі распаўсюджваліся творы беларускамоўнай публіцыстыкі.
  • Ужо ў XVIII стагодзьдзі зьявілася паэзія на новай (сучаснай) вэрсіі беларускай мовы. У 1750-я гады нашым першым новым паэтам стаў будучы апошні канцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч.
  • Уніяцкія сьвятары ніколі не зракаліся беларускай мовы і да самага скасаваньня Ўніі захоўвалі яе пісьмовы варыянт.
  • У пачатку ХІХ стагодзьдзя ўніяцкія сьвятары нават выступалі з публічнымі прамовамі на беларускай мове.
  • У пачатку 20-х гадоў ХІХ стагодзьдзя ў асяродзьдзі філяматаў-філярэтаў ужо ставілі п’ескі па-беларуску з нагоды розных падзеяў, напрыклад, прыезду Адама Міцкевіча з Коўні, вывучаўся і выдаваўся беларускі фальклёр.
  • У 30-я гады ХІХ стагодзьдзя для беларускіх католікаў ужо выдаваліся малітоўныя тэксты па-беларуску.
  • У 40-я гады ХІХ стагодзьдзя ужо працаваў выдатны папулярызатар беларускай ідэі, аўтар «Лістоў пра Беларусь» і выдавец віленскага часопісу «Rocznik Literacki» Рамуальд Падбярэскі. За сваю дзейнасьць ён быў арыштаваны і сасланы на поўнач Расеі, дзе памёр.
  • У 50-я гады ХІХ стагодзьдзя ўжо Віцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў свае «Вечарніцы», «Гапона» і «Шчароўскія дажынкі» і пераклаў міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша» на беларускую мову.
  • У пачатку 1860-х гадоў Кастусь Каліноўскі ўжо выдаў сваю «Мужыцкую праўду» і напісаў перад сьмерцю палітычны запавет беларускаму народу — яго славутыя «Лісты з-пад шыбеніцы».
  • У 70-я гады ХІХ стагодзьдзя ўжо пачаў пісаць свае паэтычныя, празаічныя і драматургічныя тэксты Вайніслаў Суліма-Савіч-Заблоцкі, стваральнік «Крывіцкага вязка» ў Санкт-Пецярбургу.
  • У 1880-я гады пачынае сваю літаратурную дзейнасьць Янка Лучына. І ў гэты ж час пачынае палымяную беларускую публіцыстычную і навуковую дзейнасьць славуты гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі.
  • У 1891 годзе выходзіць «Дудка беларуская» Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіч).
  • І, нарэшце, у самым пачатку ХХ стагодзьдзя пачынаюць сваю палітычную дзейнасьць Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы і сотні іншых беларускіх палітычных, культурных і рэлігійных дзеячаў. Віленскі біскуп Эдвард фон Роп абіраецца ў склад дэпутатаў І Дзяржаўнай Думы Расеі, стварае беларускую фракцыю і ставіць пытаньне аб аўтаноміі Беларусі. У выніку біскупа на 10 гадоў саслалі ў Віцебскую губэрню пад нагляд паліцыі.
  • Далей былі БНР, БССР і РБ.

Гэтак ад VII-VIII стагодзьдзяў нашай эры, калі на лінгвістычнай мапе сьвету зьявілася беларуская мова, праз Скарыну, Буднага, Цяпінскага, Літоўскую мэтрыку і Статуты ВКЛ, беларушчына дайшла да нашага часу. Тысячы падобных спробаў тысяч розных супольнасьцяў згубіліся, не пакінуўшы па сабе ані згадкі, а беларуская спроба перамагла.

Мікола Вяршынін, які нарадзіўся ўсяго праз чатыры гады пасьля выхаду першай беларускай газэты і праз два гады пасьля пакараньня сьмерцю яе выдаўца Кастуся Каліноўскага, стаў дыпляматычным прадстаўніком адроджанай беларускай дзяржавы.

Вяршынін сваім лёсам злучае сабой два стагодзьдзі і дзьве эпохі — ад пачатку новага беларускага адраджэньня да стварэньня сваёй дзяржавы.

А яго магіла ў Празе зьяўляецца для мяне матэрыяльным сымбалем вечнасьці беларускага космасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG