Больш за 8 700 чалавек былі затрыманыя на акцыях «жоўтых камізэлек» ад самай першай акцыі пратэсту 17 лістапада 2018 году. У справах каля 2 тысяч зь іх былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды. Такія зьвесткі апублікавала ў нядзелю, 24 сакавіка, францускае міністэрства юстыцыі.
У эфіры тэлеканалу BFMTV міністар юстыцыі Ніколь Бэлюбэ падкрэсьліла, што 40% прызнаным вінаватымі былі прысуджаныя розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня — ад аднаго месяца зьняволеньня да трох гадоў.
Астатнім 60% прысудзілі папраўчыя працы, выплату штрафаў або іншыя формы санкцыяў. Паводле міністра, у справах яшчэ 1800 затрыманых падчас маніфэстацыяў рашэньне яшчэ не было вынесенае.
Бэлюбэ вітала дзеяньні прадстаўнікоў сілаў правапарадку падчас пратэстных акцыяў. Пасьля пагромаў і беспарадкаў на Элізэйскіх палях у суботу, 16 сакавіка, да наступнай маніфэстацыі 23 сакавіка кантроль быў чарговы раз узмоцнены.
Правядзеньне акцыяў у раёнах, што асабліва моцна пацярпелі ў папярэднія суботы, было забароненае: у прыватнасьці, забарона пашыралася на Элізэйскія палі ў Парыжы, плошча Пэй-Бэрлян у Бардо, плошча Капітолія ў Тулюзе і на прылеглых да іх вуліцах. Таксама было забаронена праносіць «любыя прадметы, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасьці зброі».
Пасьля акцыі 23 сакавіка міністар унутраных спраў Крыстоф Кастанэр заявіў, што па ўсёй Францыі былі затрыманыя 233 чалавекі, зь іх 172 былі зьмешчаныя пад варту.