Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў у чацьвер, што ЗША прызна́юць сувэрэнітэт Ізраілю над Галянскімі вышынямі – сырыйскай тэрыторыяй, захопленай падчас Шасьцідзённай вайны 1967 году і з таго часу кантраляванай Ізраілем, расказвае «Голас Амэрыкі».
Фармальная анэксія Ізраілем Галянскіх вышыняў адбылася ў 1981 годзе, але міжнародная супольнасьць не прызнала яе законнай і лічыць землі акупаванымі.
У Twitter Дональд Трамп напісаў, што Галянскія вышыні «маюць вырашальнае стратэгічнае значэньне і важныя для бясьпекі дзяржавы Ізраіль і рэгіянальнай стабільнасьці».
Гэтая заява была апублікаваная падчас таго, як Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа знаходзіўся ў Ерусаліме, наведаў спрэчную тэрыторыю Ерусаліму, Заходнюю сьцяну, або Сьцяну плачу. Візыт стаў нефармальным прызнаньнем кантролю Ізраілю над юдэйскай сьвятыняй — Пампэа пабываў там ня як прыватная асоба, а з ізраільскім прэм’ер-міністрам Біньямінам Нэтаньягу.
«Прэзыдэнт Трамп толькі што ўвайшоў у гісторыю, — сказаў Нэтаньягу пасьля заявы Трампа аб Галянскіх вышынях. — Пасланьне, якое прэзыдэнт Трамп перадаў сьвету, гаворыць, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль. Мы глыбока ўдзячныя ЗША за падтрымку».
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША яшчэ на мінулым тыдні ў справаздачы аб правах чалавека назваў Галянскія вышыні «тэрыторыямі, кантраляванымі Ізраілем» замест ранейшай фармулёўкі «акупаваныя тэрыторыі».