Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грудныя імплянтанты могуць выклікаць цяжкія хваробы — The New York Times


Лекары ў ЗША ўстрывожаныя статыстычнымі дадзенымі пра патэнцыйныя пагрозы, якія нясуць грудныя імплянтанты іх уладальніцам. Пра гэта ў газэце The New York Times пішуць Дэніс Грэйды і Карын Рэйбін.

Улады ЗША заклапочаныя

Афіцыйныя ўлады ЗША пачынаюць новае дасьледаваньне ўзьдзеяньня на здароўе людзей грудных імплянтантаў на падставе скаргаў тысяч жанчын, якія іх маюць.

Сёньня ў сьвеце каля 10 мільёнаў жанчын маюць грудныя імплянтанты, якія ўяўляюць сабой сыліконавыя мяшэчкі, напоўненыя салёнай вадой або сыліконавым гелем. Іх выкарыстоўваюць для касмэтычнага павелічэньня грудзей або для аднаўленьня пасьля мастэктаміі (выдаленьня грудзей) з прычыны раку малочнай залозы.

Амэрыканскае агенцтва кантролю за лекамі і прадуктамі харчаваньня 15 сакавіка 2019 году апублікавала заяву, у якой сьцьвярджае, што імплянтанты могуць выклікаць адмоўныя біялягічныя рэакцыі і такія праблемы са здароўем, як запаленьне і зьмяненьне тканак. Усё гэта, паводле агенцтва, моцна пагаршае якасьць жыцьця.

Незвычайны рак, які зьнікае пасьля выдаленьня імплянтантаў

Адна з праблем, якая цяпер абмяркоўваецца мэдычнай супольнасьцю і ўладамі ЗША, гэта незвычайны рак імуннай сыстэмы — так званая анаплястычная буйнаклеткавая лімфома. На сёньняшні дзень у ЗША гэтая хвароба знойдзена 457 жанчын з груднымі імплянтантамі. Парадокс у тым, што пасьля выдаленьня імплянтантаў звычайна зьнікае і гэтая хвароба.

Толькі некаторым з гэтых жанчын давялося праходзіць хіміятэрапію, а ва ўсім сьвеце зарэгістравана 17 выпадкаў сьмерці ад такога раку.

Амаль усе выпадкі такой лімфомы былі ў жанчын, якія мелі імплянтанты з тэкстурыраванай, а ня гладкай паверхняй. Такія імплянтанты вытворчасьці буйной фірмы Allergan былі зьнятыя з вытворчасьці летась у сьнежні.

Якія яшчэ хваробы зьвязваюць з імплянтантамі

Яшчэ адной тэмай новага дасьледаваньня ў ЗША стануць праблемы, вядомыя пад агульнай назвай «хвароба груднога імплянтанта» — яна закранае імунную сыстэму і выклікае мышачныя болі, стомленасьць, слабасьць, кагнітыўныя праблемы і іншыя зьнясільваючыя сымптомы.

Яшчэ адзін тып праблем, зь якімі сутыкаюцца ўладальніцы грудных імплянтантаў — гэта хваробы злучальнай тканкі, якія ўключаюць у сябе ваўчанку, рэўматоідны артрыт і іншыя сур’ёзныя аўтаімунныя захворваньні.

Імплянтанты ня першы раз пад атакай мэдыкаў

Грудныя імплянтанты з сыліконавым напаўняльнікам былі выпушчаныя на рынак ЗША ў 1960-я гады.

У 1992 годзе яны былі забароненыя і дазволеныя толькі жанчынам пасьля мастэктаміі або для замены. Гэтаму папярэднічалі шматлікія скаргі жанчын і шэраг судовых працэсаў.

Але ў 2016 годзе сыліконавыя імплянтанты вярнуліся на рынак.

Што будуць абмяркоўваць спэцыялісты

Неўзабаве ў Фэдэральным агенцтве ЗША для кантролю за лекамі і прадуктамі харчаваньня адбудуцца слуханьні ў справе грудных імплянтантаў.

На іх з 40-старонкавым дакладам будзе выступаць доктарка Дыяна Цукерман, якая падрыхтавала агляд ранейшых дасьледаваньняў праблемы. Яна сьцьвярджае, што дагэтуль большасьць дасьледаваньняў не адсочвала доўгатэрміновыя вынікі, і што вельмі шмат удзельніц тых дасьледаваньняў ужо не жывуць.

Шакуючыя вынікі некаторых новых дасьледваньняў

Не надае аптымізму і навіна з Х’юстану. Плястычныя хірургі з Цэнтру імя Андэрсана вывучылі аддаленыя наступствы ў 99 993 жанчын з груднымі імплянтантамі. Аказалася што ў іх адпаведна ў шэсьць, сем і восем разоў часьцей сустракаюцца рэўматоідны артрыт, склерадэрмія (хвароба злучальнай тканкі) і сындром Шэгрэна (аўтаімунная хвароба). І гэта пры тым, што ўсе згаданыя хваробы — наогул вельмі рэдкія.

Аўтар апошняга дасьледаваньня доктар Марк Клэмэнс лічыць, нават такія вынікі яшчэ не даказваюць прычынна-сьледчыя сувязі, і што патрэбны далейшыя дасьледаваньні.

Таксама і ізраільскія мэдыкі атрымалі несуцяшальныя вынікі. Яны вывучылі гісторыю мэдычных запісаў 24 651 жанчыны з сыліконавымі імплянтантамі і 98 602 жанчын без імплянтантаў. Аказалася, што рызыка ўзьнікненьня аўтаімунных хвароб у жанчын з імплянтантамі на 22% вышэй.

Кіраўнік гэтага дасьледаваньня, рэўматоляг Говард Амітал, камэнтуючы атрыманыя вынікі, заявіў, што «грудныя імплянтанты не такія нявінныя, як гэта ўяўляецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG