Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя СМІ патлумачылі, чаму не пайшлі на прэс-канфэрэнцыю расейскага амбасадара


Міхаіл Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі, архіўнае фота

Рэдакцыі шэрагу недзяржаўных СМІ Беларусі вырашылі не наведваць прэс-канфэрэнцыю амбасадара РФ Міхаіла Бабіча, прысьвечаную гадавіне анэксіі Крыму, і выступілі з сумеснай заявай з гэтай нагоды, паведамляе БелПАН.

Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная «пяцігодзьдзю ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі», праходзіць 18 сакавіка ў прэс-цэнтры расейскага агенцтва Sputnik у Менску.

«Мы, рэдакцыі беларускіх недзяржаўных СМІ, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы прысутнасьці нашых журналістаў на гэтым мерапрыемстве, прынялі рашэньне ўстрымацца ад удзелу ў ім», — гаворыцца ў дакумэнце.

У заяве падкрэсьліваецца, што «гэтае рашэньне ні ў якім разе не азначае ігнараваньне амбасадара Расеі ці адсутнасьць цікавасьці да ягонай пазыцыі» і прадстаўнікі СМІ, якія падпісалі заяву, гатовыя сустрэцца з Бабічам у фармаце прэс-канфэрэнцыі або асобных інтэрвію па тэме беларуска-расейскіх адносінаў, каб «задаць усе пытаньні, якія нас цікавяць, і данесьці да нашых чытачоў яго адказы», некаторыя з рэдакцый ужо адпраўлялі заяўкі на такое інтэрвію.

«Аднак, улічваючы заяўленую тэму прэс-канфэрэнцыі, мы ня хочам, каб прысутнасць нашых журналістаў там была вытлумачаная нашымі чытачамі як падтрымка адной з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе. Акрамя таго, пазыцыя Расеі ў гэтай тэме шырока і даўно вядомая», — растлумачылі сваю пазыцыю рэдакцыі.

Заяву падпісалі галоўныя рэдактары парталу Tut.by, «Эўрапейскага радыё для Беларусі», «Нашай нівы», «Народнай волі» і інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

У 2014 годзе Расея акупавала ўкраінскі Крым і заявіла пра ўваходжаньне паўвострава ў склад РФ. Сусьветная супольнасьць асудзіла гэты крок і не пагадзілася зь ім, Генэральная асамблея ААН дзьвюма рэзалюцыямі пацьвердзіла ўкраінскі статус Крыму і адпрэчыла прэтэнзіі Расеі, а таксама прызнала яе дзяржавай-акупантам. У Маскве кажуць пра нібыта законнасьць захопу Крыму, насуперак міжнароднаму праву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG