У Гомлі пачаўся першы сёлета суд у справе «дармаедзтва». Хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка патрабуе, каб з чыноўнікаў, якія залічылі яе да дармаедаў, спагналі маральную шкоду — 1000 рублёў.
Падтрымаць жыхарку Гомля прыйшлі каля сарака чалавек. Усе ахвочыя ў залю не зьмясьціліся, а большага памяшканьня суд ня даў.
Справу разглядае судзьдзя Ільля Сьвірыдаў. Юрыдычную падтрымку ў працэсе «дармаедцы» аказваюць праваабаронцы Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка.
Пасьля таго, як 46-гадовая гамяльчанка даведалася, што яе ўнесьлі ў ў базу «не занятых у эканоміцы», яна зьвярнулася ў суд з грамадзянскім пазовам супраць камісіі садзеяньня занятасьці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомля і камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму.
Суд з сваёй ініцыятывы ўключыў у лік пазваных (адказьнікаў) адміністрацыю Чыгуначнага раёну і фінансавыя ўпраўленьні гораду і вобласьці.
Марыя Тарасенка сказала, што яе муж мае сталы даход, якога хапае на ўтрыманьне сям’і. Яна лічыць, што «дармаедзкі» дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы.
Раней яна прасіла чыноўнікаў выключыць яе з базы, але тыя адмовіліся, што прынесла жанчыне маральныя пакуты — прыніжэньне, страх за будучыню. Паведамленьне, што яна «дармаедка», жанчына атрымала ў дзень свайго нараджэньня.
Праваабаронца Леанід Судаленка папрасіў далучыць да справы квітанцыі аплаты мабільнай сувязі, камунальных паслуг. Гэта, як і сплата ўскосных падаткаў пры куплі тавараў і паслуг, даказвае, што Марыя Тарасенка занятая ў эканоміцы, сказаў Судаленка. Ён лічыць, што дзяржава дыскрэдытуе грамадзянку.
Усе пазваныя не прызналі патрабаваньняў пазову Марыі Тарасенкі. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Надзея Куніцкая зазначыла, што Марыі Тарасенцы прапанавалі зьвярнуцца ў камісію садзеяньня ў працаўладкаваньні, аднак жанчына гэтага не зрабіла. Гэтая камісія можа вызваліць грамадзяніна ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі ад падвышанай «камуналкі». Паводле Куніцкай, маральныя пакуты жыхаркі Гомля не пацьверджаныя канкрэтнымі доказамі.
Загадчыца юрыдычнага сэктару адміністрацыі Чыгуначнага раёну Вольга Лявонава заявіла, што патрабаваньні неабгрунтаваныя.
Суд абвесьціць рашэньне ў панядзелак, 18 сакавіка.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.