Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары мітынгу на Дзень Волі падалі скаргу на забарону акцыі ля менскай Опэры


«Сьвята незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
«Сьвята незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 13 сакавіка падалі скаргу ў суд Маскоўскага раёну Менску на адмову Менгарвыканкаму ў правядзеньні 24 сакавіка акцыі ля Опэрнага тэатру, прысьвечанай Дню Волі, піша БелаПАН.

Арганізатары мітынгу давалі дзьве заяўкі: на 25 сакавіка, аб якой расказалі ў СМІ, і на 24-га, пра якую расказалі толькі пасьля адмовы.

Праз інфармацыю ў СМІ арганізатарам забаранілі абедзьве акцыі (закон забараняе інфармаваць пра іх да атрыманьня дазволу), але яны настойваюць: пра 24-га нічога не расказвалі.

У скарзе арганізатары просяць прызнаць забарону на акцыю 24 сакавіка незаконнай.

Што з заяўкамі на канцэрт і «дошку БНР»

Арганізатары мітынгу пасьля забароны акцыі ля Опэры падалі заяўку таксама на арганізацыю цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі на будынку, дзе 101 год таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарадзкія ўлады больш за год таму далі папярэдні дазвол, але канчатковага афіцыйнага дазволу на «дошку БНР» не далі дагэтуль. Адказу на заяўку пакуль няма.

«Арт-сядзіба» і партыя БНФ падавалі заяўку на канцэрт 24 сакавіка на стадыёне «Дынама», але падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвята на стадыёне і адаслаў арганізатараў на плошчу Бангалор.

Яны не пагадзіліся — «толькі не Бангалор» — і падалі 4 сакавіка новую заяўку на шэсьце ад Палацу спорту да плошчы Свабоды і канцэрт там (або наадварот, канцэрт ля палацу з шэсьцем ад плошчы). Адказу пакуль няма, збор грошай працягваецца.

Што важна ведаць пра Дзень Волі-2019?

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG