Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: за год прыбытак дзяржаўнага сэктару скараціўся ўдвая 


Прадпрыемства «Гродна Азот»
Прадпрыемства «Гродна Азот»

У 2018 годзе чысты прыбытак арганізацыяў зь дзяржаўным капіталам склаў 1,761 мільярда рублёў — удвая менш у параўнаньні зь леташнім паказьнікам.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі Белстату, апублікаваныя ў бюлетэні аб асноўных паказьніках дзейнасьці арганізацыяў дзяржаўнага сэктару.

Згодна са статыстыкай, якую публікуе БелаПАН, летась прыбытак прадпрыемстваў зь дзяржаўным капіталам скараціўся практычна ва ўсіх абласьцях.

Так, на Берасьцейшчыне чысты прыбытак такіх прадпрыемстваў склаў у мінулым годзе 417,9 мільёна рублёў (менш на 25% у параўнаньні з 2017-м). Дзяржаўны сэктар Менску зарабіў 891 млн рублёў — фінансавы вынік пагоршыўся на 21,1%. У Менскай вобласьці чысты прыбытак склаў 1.200,1 млн рублёў, што на 12,2% менш за паказьнік 2017 году.

Рэзкае скарачэньне чыстага прыбытку адбылося на Гомельшчыне: калі ў 2017 годзе ён складаў 607,2 млн рублёў, то ў мінулым — 8,2 млн. У Горадзенскай вобласьці дзяржаўны сэктар атрымаў страты ў памеры 236,9 млн рублёў супраць прыбытку ў 2017 годзе на ўзроўні 344,5 млн.

Прадпрыемствы Віцебскай вобласьці адпрацавалі летась са стратай 150,9 млн рублёў супраць прыбытку 262,2 млн у 2017-м. Страты дзяржаўнага сэктару Магілёўскай вобласьці ў выніку 2018 году склалі 368,5 млн рублёў. У 2017-м адмоўны вынік быў крыху вышэйшы — 378 млн рублёў.

Менскі завод аўтаматычных лініяў
Менскі завод аўтаматычных лініяў

Тэма фінансавага становішча дзяржаўных прадпрыемстваў падымалася ў студзені на пашыраным пасяджэньні Нацыянальнага банку. Намесьнік старшыні праўленьня Дзьмітры Калечыц канстатаваў, што стан дзяржаўнага сэктару застаецца складаным — індыкатарамі гэтага зьніжэньне чыстага прыбытку і рэнтабэльнасьці.

Ён адзначыў, што аб’ём патэнцыйных пагрозаў, зьвязаных зь няўстойлівым фінансавым становішчам найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, ацэньваецца Нацбанкам на ўзроўні 15% ВУП. На думку Калечыца, прычына такога няўстойлівага фінансавага становішча крыецца ў высокім узроўні крэдытных і фіскальных рызыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG