Служба грамадзкіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкаму пракамэнтуе сытуацыю «празь некалькі дзён».
Пра зьнікненьне кіраўніка магілёўскага аддзяленьня мэдычнай службы дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС Сяргея Максімава позна ўвечары паведаміў тэлеграм-канал NEXTA.
«Уся мэдычная грамадзкасьць Магілёва гудзе з прычыны зьнікненьня высокапастаўленага начальніка, — гаворыцца ў паведамленьні. — Каля тыдня таму кіраўнік мэдычнай службы дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС РБ Максімаў Сяргей Уладзіміравіч ня выйшаў на працу. У кабінэце выявілі рапарт аб звальненьні, ключы ад кабінэту і пасьведчаньне. Мяркуецца, што Максімаў вылецеў у ЗША ці Ізраіль празь Вільню. З сайту зьнікла інфармацыя пра яго. Захавалася ў кэшы Гугла».
У рэгістратуры паліклінікі магілёўскага аддзяленьня мэдслужбы дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС сытуацыю са зьнікненьнем Максімава камэнтаваць адмовіліся, параіўшы зьвязацца з яго прымальняй. Тэлефоны прымальні раніцой 12 сакавіка не адказвалі.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у службу грамадзкіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Там сытуацыю са зьнікненьнем Максімава таксама ня сталі камэнтаваць, аднак паведамілі, што афіцыйная інфармацыя аб гэтым зьявіцца ў бліжэйшыя дні.
Сяргей Максімаў нарадзіўся ў Магілёве ў 1970 годзе, мае тры вышэйшыя адукацыі — скончыў Менскі мэдычны інстытут (зараз унівэрсытэт), Акадэмію кіраваньня і Мэдычную акадэмію пасьлядыплёмнай адукацыі. Да таго як узначаліць мэдслужбу дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС у Магілёве, кіраваў мясцовай паліклінікай КДБ, таксама працаваў галоўным лекарам Быхаўскай раённай больніцы.
Мэдычная служба дэпартамэнту фінансаў і тылу — структурнае падразьдзяленьне МУС. У падначаленай ёй магілёўскай паліклініцы абслугоўваюць пераважна дзейных міліцыянтаў і вэтэранаў ведамства.
18 лютага летась Сяргей Максімаў быў абраны дэпутатам гарсавету ад Арлоўскай выбарчай акругі №11.