Гомельская міліцыя затрымала студэнта аўтамэханічнага каледжу, які абстраляў вокны, падлогу і стэнд са здымкамі выкладчыкаў. Заведзена крымінальная справа.
Падчас страляніны ніхто не пацярпеў, піша міліцыя. Сьцьвярджаецца, што падазраваны канфліктуе з навучэнцамі і выкладчыкамі, «спрабуе паказаць сваю непавагу і перавагу над імі».
Здарэньне адбылося ў лютым, але праваахоўнікам паведамілі пра яго ў сакавіку. Супрацоўнікі ГУБАЗіК высьвятляюць, чаму здарэньне ўтойвалі. Падазраванага затрымалі, зброю забралі.
Паводле міліцыі, 18-гадовы студэнт набыў пнэўматычны пісталет у свайго знаёмага. Падазраваны нібыта зьяўляецца «адным зь лідэраў каляфутбольнай нэанацысцкай групіроўкі, прыхільнікам і распаўсюднікам ідэй фашызму».
Падазраваны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Яму пагражае да 3-х гадоў турмы за хуліганства паводле ч. 1 арт. 339. Таксама ён і некалькі яго аднакурсьнікаў могуць быць датычныя да махлярства, крадзяжоў і цкаваньню навучэнцаў малодшых груп каледжу.