У эфіры разанскага тэлеканала «Эхо-ТВ» патрыяршы экзарх усяе Беларусі сказаў, што пачуцьцё нянавісьці да іншай краіны зьяўляецца свайго роду анамаліяй, а не праявай патрыятызму, паведамляе БелаПан.
Праваслаўны герарх адзначыў, што ні ў Сьвятым Пісаньні, ні ў сучасным жыцьці царквы такое паняцьце, як патрыятызм, не ўжываецца, бо гэта палітычная зьява. Царква, паводле яго слоў, апэруе такім паняцьцем, як любоў — да Бога, Айчыны, людзей, якое ўяўляе сабой больш узвышанае пачуцьцё.
Паводле яго слоў, «добра любіць сваю Бацькаўшчыну», але чыніць нешта дрэннае іншым — «няправільна», таму «трэба вучыцца любіць усіх».
«Сказаць, што я цяпер толькі беларускую паству люблю, а астатніх ненавіджу, ведаеце, гэта будзе няправільна, у мяне такога няма. Але сёньня я за сваю беларускую паству гатовы буду аддаць сваё жыцьцё і ўсё, што ў мяне ёсьць, таму што гэта мая паства, якую мне ўручыў Бог», — сказаў ён.
Падчас службы ў Разані мітрапаліт Павел ён дазваляў сабе шавіністычныя выказваньні, у тым ліку — што Расея супраць Захаду гатовая адкрыць «чарнобыльскі кранік».
Мітрапаліт Павел, грамадзянін Расеі, абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але ці зрабіў ён гэта, на сёньня невядома. Па-беларуску ён публічна не гаворыць.