Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу каля поўдня 10 сакавіка зноў сабраліся на берасьцейскай плошчы Леніна. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году, паведамляе БелаПАН.
У 12:40, паводле ацэнкі праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, на плошчы было каля 150 чалавек.
Актывісты Дзям’ян Лепясевіч і Дзьмітры Бекалюк расказалі пра свае сустрэчы 6 сакавіка з кіраўніком Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэем Худыкам, які праводзіў асабісты прыём грамадзян. Паволе актывістаў, спачатку іх не запісалі на прыём, прапанаваўшы накіраваць пісьмовыя звароты. Да міністра ўдалося трапіць дзякуючы даверанасьцям тых, каго на прыём запісалі.
Паводле Лепясевіча, у яго склалася меркаваньне, што Мінпрыроды ня хоча прымушаць забудоўніка, ТАА «АйПаўэр», выконваць экалягічнае заканадаўства.
Актывістка Алена Макарэвіч расказала, што 6 сакавіка група праціўнікаў заводу была ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Паводле актывісткі, чыноўнікі не азнаёмілі іх з вынікамі паўторнай дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы заводу, аднак сказалі, што выкідаў, паводле ўдакладненых зьвестак, павінна быць менш. Макарэвіч заявіла, што праціўнікі заводу будуць падаваць заяўкі на замер выкідаў у атмасфэру шкодных рэчываў, не чакаючы, пакуль гэтым зоймуцца дзяржорганы.
А 12:45 частка прысутных прайшла па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатру «Беларусь». Там яны некаторы час пагаварылі — і разышліся.
Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў. За ёй назіралі два прадстаўнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.