5 сакавіка міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што «Беларусь гатовая падпісаць ключавыя дакумэнты з ЭЗ, але ёсць пазыцыя адной краіны», якая іх блякуе.
Маюцца на ўвазе дакумэнты аб прыярытэтах партнэрства з Эўрапейскім Зьвязам, аб спрашчэньні візавых працэдураў і аб рэадмісіі. — Каб не яна, дык «хоць заўтра» можна было бы падпісаць пагадненьне, ад якога шэнгенскія візы патаньнелі б да 35 эўра, — заявіў Уладзімер Макей.
Што за краіна, міністар не сказаў.
У той жа дзень «Наша Ніва» напісала, што паводле крыніцы, блізкай да беларускага МЗС, міністар Макей меў на ўвазе Літву, якая выказвае прэтэнзіі да будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы. Здагадку пра Літву выказаў выданьню і каардынатар праграмы «Менскага дыялёгу» Дзяніс Мельянцоў, падкрэсьліўшы, што ў гэтым пытаньні ў Беларусі ёсьць супярэчнасьці і з Польшчай.
Вэрсіі пра тое, што гэта Варшава блякуе пагадненьне аб спрашчэньні візавых працэдураў ЭЗ і Беларусі, агучваліся беларускімі экспэртамі яшчэ напрыканцы 2018 года. У сьнежні Свабода папрасіла МЗС Польшчы адказаць на пытаньне, ці блякуе іх дзяржава візавае пагадненьне паміж Менскам і Брусэлем.
Вось што польскае замежнапалітычнае ведамства адказала на запыт Свабоды:
«Перамовы наконт дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам усё яшчэ працягваюцца. З боку ЭЗ за іх адказвае Эўрапейская камісія на падставе мандату Эўрапейскай Рады, то бок усіх дзяржаваў-чальцоў. Ані Польшча, ані якая іншая краіна ЭЗ ніколі не блякавала пагадненьняў гэтым канкрэтным пытаньні. Згаданы вышэй мандат выразна сьведчыць, што ёсьць жаданьне ўсіх дзяржаваў-чальцоў канчаткова прыняць такое важнаедля грамадзян Беларусі пагадненьне, вынікам якога ёсьць спрашчэньне працэсу атрыманьня кароткатэрміновых візаў, якія дазваляюць уяжджаць на тэрыторыю Шэнгенскай зоны».
6 сакавіка з падобным пытаньнем, але ўжо ня згадваючы спрашчэньне візавага рэжыму, Свабода зьвярнулася ў МЗС Літвы. Пытаньне мы сфармулявалі з улікам фразы Ўладзімера Макея пра «ключавыя дакумэнты».
«Ці маглі б вы пацьвердзіць, што менавіта Літва блякуе падпісаньне ключавых дакумэнтаў Беларусі з ЭЗ, а калі так — чаму гэта робіцца?» — так было сфармулявана пытаньне РС.
Зь Вільні прыйшоў наступны адказ:
«Пазыцыяў краінаў мы не камэнтуем».
Але адказ мае і другую частку. Цэлы вялікі абзац з адказу літоўскага МЗС прысьвечаны будаўніцтву АЭС у Астраўцы, пра які Свабода ў сваім пытаньні нават ня згадвала.
«Літва пасьлядоўна прытрымліваецца пазыцыі, што забясьпечаньне ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя ў суседзтве з ЭЗ— неабходная ўмова далейшага разьвіцьця дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю. Зазначым, што на сустрэчы ў Жэнэве на пачатку лютага краін-удзельніц канвэнцыі ААН у справе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў міждзяржаўным кантэксьце (ESPOO), якая аб’ядноўвае 44 дзяржавы, было прынятае рашэньне, якое пацьвярджае, што Беларусь парушае канвэнцыю ESPOO. Праведзеныя Эўразьвязам на Астравецкай АЭС стрэс-тэсты на рызыку і ўстойлівасьць выявілі сур’ёзныя недахопы бясьпекі, якія мусяць быць выпраўленыя. Беларусь дасюль гэтага не зрабіла і не падала плян таго, як яна зьбіраецца да запуску АЭС выканаць рэкамэндацыі гэтых эўразьвязаўскіх тэстаў на рызыку і ўстойлівасьцьі выправіць выяўленыя недахопы бясьпекі», — напісана ў адказе Аддзелу назіраньня за інфармацыяй і СМІ МЗС Літвы.
Менавіта спрэчку наконт АЭС крыніца, блізкая да МЗС Беларусі, назвала «Нашай Ніве» 5 сакавіка як прычыну блякаваньня Літвою падпісаньня ключавых дакумэнтаў ЭЗ і Беларусі.