Фільм «Зялёная кніга», які атрымаў у гэтым годзе прэмію «Оскар» як «найлепшы фільм», а таксама за найлепшы арыгінальны сцэнар і найлепшую мужчынскую ролю другога пляну, агучыла па-беларуску дзяржаўная студыя «Беларусьфільм».
Стужка пераказвае рэальную гісторыю чарнаскурага піяніста Дона Шырлі (выканаўца ягонай ролі Магершала Алі ўзяў «Оскара» за найлепшую ролю другога пляну), які паехаў гастраляваць па расісцкім поўдні ЗША ў 1962 годзе. Музыка наняў бамбізу ў якасьці кіроўцы і ахоўніка, а атрымаў у ягонай асобе сапраўднага сябра.
Фільм агучылі беларускія акторы Ігар Сідорчык, Алег Вінярскі і Людміла Асмалоўская. Ідэя перакладу належыць не самому «Беларусьфільму», а праваўладальнікам. Сам факт кінапаказаў па-беларуску ўжо не такі незвычайны, але да таго пераклады рабіла незалежная студыя «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, а не дзяржаўная кінастудыя.
Tut.by разьмясьціў для спампоўкі троххвілінны фрагмэнт стужкі па-беларуску.
У інтэрнэце зьявіліся квіткі на чатыры кінасэансы ў менскім кінатэатры «Беларусь»: увечары 8 і 9 сакавіка, зранку і ўвечары 10 сакавіка. Таксама прадаюцца квіткі на вечаровыя сэансы 8–13 сакавіка ў Silverscreen, што ў гандлёвым цэнтры «Галілеа».
Паводле сайту Relax.by, фільм будзе ў пракаце «каля месяца». Ці будзе ён ісьці ў іншых гарадах Беларусі, пакуль невядома.