Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы арыштавалі кватэру Фядыніча і аўто Комліка


Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

Аддзелы прымусовага выкананьня Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Менску, на тэрыторыі якіх пражываюць актывісты незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, распачалі ў дачыненьні да іх выканаўчую справу.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі абодва актывісты.

Судовыя выканаўцы наклалі арышт на адзіную кватэру, у якой пражываюць Фядыніч і ягоная сям’я, а таксама на аўтамабіль і прычэп да яго, якія належаць Комліку. Да таго ж з Комліка ўжо хочуць утрымаць 50% ягонага заробку за люты. І надалей маюць так рабіць штомесяц, адлічваючы гэтыя грошы ў «кошт пагашэньня шкоды», як запісана ў пастанове выканаўцы.

«Я заходзіў сёньня ў Фрунзенскі аддзел прымусовага выкананьня, каб паразмаўляць зь ягоным начальнікам. Але мяне не прынялі. Сказалі, што ён моцна заняты. Я пакінуў зварот на яго імя. Мне паабяцалі прыслаць пісьмовы адказ цягам часу, які прадугледжвае такая працэдура», — сказаў Свабодзе Ігар Комлік.

«Абсалютна ня ясна, чаму судовыя выканаўцы хочуць спагнаць з кожнага з нас больш як 50 тысяч паводле прысуду па „справе прафсаюзаў“, а таксама яшчэ дадатковыя грошы за правядзеньне экспэртыз і кампэнсацыю дзяржаўных падаткаў і збораў. Паводле ранейшых падлікаў, з улікам грошай, забраных падчас ператрусаў, нам заставалася выплаціць салідарна каля 4 тысяч беларускіх рублёў. Тут нешта ня тое, чаго мы пакуль зразумець ня можам», — камэнтуе сытуацыю Фядыніч.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
  • Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
  • У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
  • З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
  • З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG