Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абураныя жыхары выйшлі пратэставаць да будаўнічай пляцоўкі бізнэс-цэнтру. ФОТА


Да будаўнічай пляцоўкі бізнэс-цэнтру на вуліцы Талбухіна сёньня выйшлі мясцовыя жыхары з плякатам «Стоп беззаконьню». Яны атрымалі ліст зь Менгарвыканкаму — улады патрабуюць неадкладна спыніць будоўлю. Аднак ужо тры тыдні тут не спыняюцца работы.

Улады дасылаюць мясцовым жыхарам супярэчлівыя адказы. У адных яны пішуць, што будаўніцтва мусіць быць прыпынена. Пра гэта напісана ў лісьце з Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.

«У цяперашні момант Менгарвыканкам даручыў адміністрацыі Першамайскага раёну і інспэкцыі дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па горадзе Менску прыняць неабходныя меры па неадкладным прыпыненьні будаўніча-мантажных работ на аб’екце да ўрэгуляваньня пытаньня па карэкцыі праекту», — напісана ў лісьце ад 4 сакавіка.

У канцы студзеня будаўніцтва сапраўды было прыпынена. Гэта адбылося пасьля сустрэчы мясцовых жыхароў са старшынём Менгарвыканкаму Анатолем Сіваком. Але ад 16 лютага работы на будаўнічай пляцоўцы аднавіліся.

У апошнім адказе з дэпартамэнту кантролю і нагляду сказана, што будаўніцтва вядзецца на падставе рашэньня Менгарвыканкаму. Таксама і ў ранейшых лістах Менгарвыканкаму гаворыцца пра тое, што падставаў для прыпыненьня будоўлі няма.

«Камітэт архітэктуры піша, што Менгарвыканкам даў даручэньне тэрмінова прыпыніць. А Менгарвыканкам сам кажа, што няма падставаў», — сказала Свабодзе Галіна Сінілевіч, адна з актыўных жыхарак.

Як пісала Свабода, гарадзкая пракуратура Менску знайшла парушэньні пры праектаваньні бізнэс-цэнтру ў двары паміж вуліцай Талбухіна і праспэктам Незалежнасьці. Выявілася, што забудоўнік падаў на экспэртызу несапраўдныя дакумэнты.

Па словах Галіны Сінілевіч, мясцовыя жыхары цяпер будуць зьвяртацца ў Генэральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзыдэнта. Яны ўпэўненыя, што будаўніцтва ад пачатку вядзецца з парушэньнем закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG