Школьнік са Стоўпцаў, які напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў, цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Навінках на псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызе. Пра гэта расказаў Tut.by кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.
Што за экспэртыза?
Вадзім М. будзе праходзіць псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу месяц-паўтара, сказаў Наскевіч. Сьледчыя спадзяюцца, што псыхіятры дапамогуць выявіць матывы нападу.
Канфлікту ў школе не было
У сьледчых няма «абʼектыўных дадзеных», што ў школе быў нейкі канфлікт.
«Калі нешта і было, то вельмі схаванае і мы пакуль гэты ня выявілі. Не магу гарантаваць, што канфлікту не было, але нам пакуль пра гэта невядома», — сказаў Наскевіч.
Да канца сьледчыя ня могуць вызначыць матывацыю Вадзіма М. Але «прыкладна зразумела, што ім рухала». Сьледчыя «ўскрылі яго дэвайсы», гэта дазваляе зразумець, як далей працаваць з падазраваным.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.