Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГ

А 10.30 1-га сакавіка пачалася другая «Вялікая размова з прэзыдэнтам» Аляксандра Лукашэнкі. Трансьляцыю праводзяць дзяржаўнае ТВ і радыё. Свабода дае цытаты ікамэнтары экспэртаў.

11:45 1.3.2019

Багданкевіч: Адзіны рубель — сродак паглынаньня Беларусі Расеяй

Прафэсар, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракамэнтаваў выказваньні Лукашэнкі пра адзіную з Расеяй валюту.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Сьмешна думаць, што нешта зьменіцца, калі эмісійны цэнтар будзе не ў Маскве, а ў нейкім іншым расейскім горадзе. Тут няма ніякай розьніцы. Аднак гэтае пытаньне другаснае.

Што такое рубель? Гэта толькі інструмэнт, які адлюстроўвае эканоміку краіны. А што такое эканоміка Расеі ў параўнаньні з эканомікай нашай краіны? Гэта 80% з гакам на карысьць расейцаў. І таму казаць пра нейкую роўнасьць можна толькі на нарадах. А да рэальнасьці гэтыя словы ня маюць ніякага дачыненьня. Насамрэч ніякай роўнасьці няма і ня будзе», — лічыць Багданкевіч.

12:02 1.3.2019

Распранайцеся і працуйце

Асноўны тэзіс па сацыяльна-эканамічных праблемах: усе патрэбныя рашэньні ўладай прыняты, ўсе умовы для разьвіцьця створаныя. Трэба распранацца і працаваць. Калі няма вынікаў, то самі беларусы вінаватыя. Вельмі паказальная выснова.

12:03 1.3.2019

Менск не гумовы

Гаворачы пра ўнутраныя праблемы, Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваўся на буйных гарадах, якія незаслужана абмінулі ўвагай. І падкрэсьліў, што Менск — не гумовы, усіх прыняць ня можа. Таму трэба «шавяліцца» — і ўладам, і самім людзям.

12:03 1.3.2019

Пра выбары

Лукашэнка сказаў, што цягам двух гадоў у Беларусі будуць праведзеныя дзьве выбарныя кампаніі — прэзыдэнцкая і парлямэнцкая. Але канкрэтных тэрмінаў не ўдакладніў, заявіўшы, што апазыцыйныя СМІ «штучна нагнятаюць абстаноўку». Але здаваць «іспыт» давядзецца ўсім — і прэзыдэнту, і ўладзе, і народу. Нельга акунуцца ў бойку, ад якой пацерпіць краіна.

Паабяцаў, што ўсё будзе «сумленна і канкурэнтна». А хто зробіць стаўку на канфрантацыю і разбурэньне стабільнасьці, «адкажу адэкватна», падсумаваў ён.

12:06 1.3.2019

Пра «гонку ўзбраеньняў»: колькі трацяць на абарону Польшча і Расея

У разгары «гонка ўзбраеньняў», заявіў на сустрэчы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе Польшчу. Свабода сабрала факты.

«Польшча да 2026 году затраціць на абарону 50 мільярдаў даляраў. І ўсе маўчаць. Але каб заўтра прайшла навіна, што Расея высунула дадатковы полк на захад ад Масквы, быў бы сусьветны гвалт. Дык давайце выпрацоўваць адзіныя крытэрыі падыходу да такіх падзеяў», — заявіў Лукашэнка 1 сакавіка.

У Польшчы сапраўды зацьверджаны плян тэхнічнай мадэрнізацыі ўзброеных сілаў, які прадугледжвае выдаткі ў памеры 185 злотых (50 мільярдаў даляраў) да 2026 году (на 7 гадоў). Гэтыя выдаткі будуць павялічвацца з 3 мільярдаў даляраў сёлета да 8 мільярдаў даляраў у 2026 годзе.

Вайсковыя выдаткі Расеі складаюць штогод апошнім часам прыкладна каля 3 трыльёнаў рублёў (каля 44 мільярдаў даляраў).

Польшча мяркуе выдаткаваць на мадэрнізацыю войска 50 мільярдаў даляраў за 7 гадоў, Расея траціць на абарону прыкладна 40 мільярдаў даляраў штогод.

12:07 1.3.2019

Выбары пакуль не абвешчаныя

Рашэньне пра тэрміны выбараў не прынятае. Можна верыць. А ў тое, што ўлады ня будуць праводзіць датэрміновыя выбары, падбіраючы выгадны для сябе час, — цяжка паверыць.

12:18 1.3.2019

Пра інфармацыйную бясьпеку ад Расеі

Далі слова незалежным СМІ. Карэспандэнт «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук спытаў Лукашэнку, якія сілы ў Расеі дзейнічаюць супраць Беларусі, абвінавачваючы ў развароце на Захад, крытыкуючы сьвяткаваньне абвяшчэньня незалежнасьці БНР, моўныя ініцыятывы.

Лукашэнка адказаў, што ў беларусаў не хапае «канструктыву», каб супрацьстаяць і Захаду, і Ўсходу. Згадаў пра фільм «Хросны бацька» на НТВ, сказаўшы, што гэта абражае ня толькі яго, а і ўсю краіну. Але выказаў перакананасьць, што Расея ня хоча страціць Беларусь, а дыскрэдытацыя — гэта замова асобных сілаў. Пры гэтым куды большай небясьпекай назваў палітыку заходніх дзяржаў, перадусім Польшчы, якая разьмяшчае «натаўскія» ракеты на мяжы зь Беларусьсю. Таму да праблемы трэба падыходзіць канструктыўна, сказаў ён.

12:26 1.3.2019

Пра незалежнасьць ад Расеі

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што сёньняшняя Беларусь не настолькі залежная ад Расеі, як у 1990-х. І заявіў, што Беларусь гатовая набываць нафту ў іншых дзяржавах — як толькі ў лістападзе закончыцца мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў. «Толькі каму стане ад гэтага лепш?» — задаўся ён рытарычным пытаньнем.

12:27 1.3.2019

Трэці «наезд» на Польшчу

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука, Лукашэнка рытарычна запытаў журналіста: «А чаму ў Польшчы друкуюцца карты, дзе мяжа Польшчы праходзіць каля Менску?»

Ужо трэці раз падчас размовы Лукашэнка сам, без усялякіх пытаньняў і бязь нейкай неабходнасьці, у нэгатыўным ключы згадвае Польшчу. І гэта на фоне таго, што апошнім часам афіцыйная Варшава праводзіць даволі памяркоўную палітыку ў дачыненьні афіцыйнага Менску і нават, паводле назіральнікаў, робіць Менску пэўныя саступкі. Такое ўражаньне, што гэта робіцца для замежнага (расейскага) слухача.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG