Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГ

А 10.30 1-га сакавіка пачалася другая «Вялікая размова з прэзыдэнтам» Аляксандра Лукашэнкі. Трансьляцыю праводзяць дзяржаўнае ТВ і радыё. Свабода дае цытаты ікамэнтары экспэртаў.

14:25 1.3.2019

Антыбеларускі крок Расеі

Разгаварылі, зачапілі Лукашэнку тэмай падатковага манэўру. І ён выцягнуў усе крыўды. Паводле яго, Расея адмыслова правяла гэты манэўр, каб пазбавіць Беларусь даходаў. То бок гэта чыста антыбеларускі крок.

Таксама Масква тармозіць перамовы пра газ на наступны год. І наконт крэдыту — таксама няма адказу ад РФ. Вось і ўвесь вынік перамоваў у Сочы.

14:23 1.3.2019

Пра падатковы манэўр Расеі

«Яшчэ з Барысам Ельцыным мы дамовіліся, што ў рамках саюзнай дамовы нашы прадпрыемствы будуць працаваць у роўных умовах», — сказаў Лукашэнка.

Аднак, удакладніў ён, расейскія прадпрыемствы спажывалі расейскі газ па 60 даляраў, а беларускія — па 200. Мала таго, з боку Расеі пачаліся выняткі — Беларусь пачалі вінаваціць у зарабляньні на перапродажы прадукцыі нафтаперапрацоўкі. А ўрэшце, працягнуў Лукашэнка, дайшлі да ўвядзеньня падатку на здабычу прыродных рэсурсаў. Па падліках Лукашэнкі, 3 мільярды 400 мільёнаў даляраў Беларусь ужо страціла і страціць нашмат больш, калі ня будзе кампэнсацыі.

«Мы губляем там, дзе нават не абмяркоўвалася. Але на каленях поўзаць ня будзем — ёсьць магчымасьць перакрэдытавацца ў заходніх банках, нават на больш выгадных умовах», — падсумаваў Лукашэнка

13:50 1.3.2019

Пра нацыянальны эгаізм

«Вялікіх спадзяваньняў на Эўразійскі эканамічны саюз не ўскладаю», — заявіў Лукашэнка. Па яго словах, арганізацыя ўсё больш палітызуецца, тым часам як выняткаў не на карысьць Беларусі ўсё больш. Кожны з удзельнікаў паасобку намагаецца абысьці бар’еры ці заблякаваць рашэньні іншага — што супярэчыць самому духу інтэграцыі. «Занадта шмат нацыянальнага эгаізму», — канстатаваў ён, адзначыўшы, што ў рамках саюзу нічога не застаецца, як толькі спадзявацца на сябе.

13:49 1.3.2019

Сказаў «А», не сказаў «Б»

Лукашэнка кажа — «Я ня маю вялікіх надзеяў у справе Эўразійскага эканамічнага саюзу» і некалькі хвілін тлумачыць, якія там праблемы. Сказаўшы «А», застаецца сказаць «Б» і прызнаць, што Эўразійскі саюз не прыносіць беларускай эканоміцы ніякай карысьці, што ўступленьне туды было фактычна памылкай.

13:44 1.3.2019

Прагноз і пажаданьне

Сэнсацыя. «Прэзыдэнтам будзе Парашэнка». Як бы прагноз, але можна ўспрыняць і як пажаданьне. Сапраўды для Лукашэнкі найлепшы кандыдат ва ўкраінскіх выбарах — Парашэнка. І гэта тэндэнцыя.

У Лукашэнкі былі выдатныя адносіны зь Юшчанкам і значна больш халодныя — зь Януковічам. Парадокс, але чым горшыя адносіны паміж Кіевам і Масквой, тым лепш для Лукашэнкі.

Ну і Парашэнка — гэта зразумела. Цімашэнка і Зяленскі — у значнай ступені «каты ў мяху».

13:38 1.3.2019

Пра Парашэнку і Зяленскага

Гаворачы пра ўкраінскія выбары Лукашэнка прызнаўся:

«Шмат трывогі, — прызнаўся Лукашэнка. — Не хачу, каб украінцаў чарговым разам выкарысталі ў якасьці разьменнай манэты. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, гэта жах. Пры тым, што людзі працуюць і вартыя добрага жыцьця. Плюс я як прэзыдэнт не хацеў бы, каб гэтая сытуацыя ўплывала на нас — 150 тысяч мы прынялі падчас канфлікту ў Данбасе. Некаторыя вярнуліся, але шмат і засталося».

Ён выказаў перакананьне, што прэзыдэнтам Украіны застанецца Пятро Парашэнка, які яшчэ не сказаў «апошняга слова». У фіналісты яму прарочыць Уладзімера Зяленскага.

13:27 1.3.2019

Пра амністыю капіталаў

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «сасьпеў» для амністыі капіталу. Адзіная праблема — каб не было «халастым стрэлам», калі дзелавыя колы пераканаюць, што гэта прынясе адпаведны эфэкт, то такі крок будзе зроблены.

«Легалізацыя грошай нават бяз сплаты працэнтаў або зь нейкім мізэрам», — сказаў ён.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG