Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын пачалі другі дзень перамоваў у Ханоі


Лідэр КНДР Кім Чэн Ын (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас перамоваў у Ханоі
Лідэр КНДР Кім Чэн Ын (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас перамоваў у Ханоі

У сталіцы Віетнаму Ханоі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і лідэр КНДР Кім Чэн Ын пачалі другі дзень саміту сустрэчай сам-насам. Белы дом паведаміў, што пасьля пройдуць перамовы ў пашыраным складзе, якія могуць завяршыцца супольнай заявай і падпісаньнем дакумэнту, зьмест якога пакуль не выдаецца.

Галоўная тэма перамоваў паміж лідэрамі ЗША і КНДР — ядзернае раззбраеньне Пхэньяну. Пасьля гутаркі з Кім Чэн Ынам у першы дзень саміту Дональд Трамп не пагадзіўся са сьцьвярджэньнямі крытыкаў, што ён спрабуе адхрысьціцца ад свайго абяцаньня зрабіць Карэйскі паўвостраў бязьядзерным.

Перад пачаткам сёньняшняй сустрэчы Трамп паведаміў, што ня мае намеру сьпяшацца заключыць «правільнае пагадненьне». Калі «адносіны добрыя, то можа адбыцца нямала добрых рэчаў», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Кім Чэн Ын адзначыў, што на іх сустрэчу глядзіць «увесь сьвет», а некаторым яна ўяўляецца сюжэтам з «фантастычнага фільму».

Усяго на перамовы ў чацьвер адводзіцца больш за пяць гадзінаў. Перад ад’ездам з Ханою прэзыдэнт ЗША дасьць прэс-канфэрэнцыю.

Гэта другі саміт ЗША і КНДР. Першая сустрэча ў Сынгапуры ў чэрвені мінулага году завяршылася падпісаньнем дакумэнта, згодна зь якім Паўночная Карэя абавязаная праводзіць раззбраеньне ў адказ на гарантыі бясьпекі з боку ЗША. Аднак пазьней СМІ паведамлялі, што КНДР працягвае ядзерныя распрацоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG