Памёр адзін з актывістаў Беларускага Народнага Фронту Ўладзімер Анцулевіч. Разьвітаньне зь ім адбудзецца 28 лютага ў Менску па адрасе Кульман 33а, паведаміў у фэйсбуку былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Леанід Дзейка.
Менавіта Ўладзімер Анцулевіч у 1992 годзе быў старшынём ініцыятыўнай групы, калі БНФ спрабаваў арганізаваць рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары ў Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў, аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзеньня рэфэрэндуму.
Вось што кажа колішні паплечнік Уладзімера Анцулевіча па Беларускім Народным Фронце Вінцук Вячорка:
«Калі ствараўся Беларускі Народны Фронт, Уладзімер Анцулевіч быў навукоўцам, фізыкам, працаваў у лябараторыі Юр’я Хадыкі ў Акадэміі навук. Дакладны, выдатна арганізаваны, абсалютна надзейны і прытым сьціплы, ён усю сваю энэргію ахвяраваў на фронтаўскую справу. Арганізоўваў выданьне масавай пэрыёдыкі БНФ, ладзіў працу ў рэгіёнах, а калі настаў вырашальны момант барацьбы за незваротнасьць дэмакратычных зьменаў, Уладзімер Анцулевіч узначаліў ініцыятыўную групу збору подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах і канстытуцыйных зьменах. Гэта ягоная праца дапамагла і арганізаваць акцыю, і не змарнаваць ніводнага з 446 тысячаў подпісаў, сабраных актывістамі Фронту па ўсёй краіне. Гэта яму належалі выдатныя ідэі юрыдычнай абароны кампаніі за рэфэрэндум ад атакаў намэнклятурнай улады.
І пасьля рэакцыі 1994 году Ўладзімер Анцулевіч працяглы час заставаўся на вастрыі барацьбы за свабоду ў Беларусі як у палітычных, так і ў грамадзкіх, аналітычных структурах. Урэшце вярнуўся да фізыкі — ужо як выкладчык катэдры мэтодыкі выкладаньня фізыкі БДПУ і 5-й гімназіі. І тут ён выяўляў свой усебаковы талент: пісаў дапаможнікі, падрыхтаваў больш за сотню пераможцаў алімпіядаў. Ведаю, што вучні вельмі любілі свайго настаўніка... Сьветлая памяць».