З раніцы 27 лютага міліцыя пільнавала менскую кватэру актывіста Леаніда Кулакова. Яму адключылі сьвятло і запатрабавалі ўпусьціць у кватэру. Празь некалькі гадзін роздуму Кулакоў вырашыў пагадзіцца і аддаў сябе ў рукі міліцыі.
Міліцыянты зь Першамайскага РУУС Менску прыйшлі да актывіста Леаніда Кулакова і запатрабавалі адчыніць дзьверы і прайсьці зь імі на размову, пасьля сказалі, што зьбіраюцца адвезьці актывіста ў суд.
Паводле Кулакова, ён спачатку не адчыняў дзьверы і прапаноўваў міліцыянтам даслаць яму позву ў суд, але тыя пагражалі ўзламаць дзьверы. У рэшце рэшт актывіст пусьціў міліцыянтаў у кватэру.
«Яго затрымалі і вязуць у міліцэйскую управу», — паведаміла Свабодзе ягоная сяброўка Мая Навумава.
Паводле Навумавай, Леаніда Кулакова вінавацяць па арт. 23.34 Адміністратыўнага кодэксу — удзел у несанкцыянаванай акцыі.
«Вязуць, затрымалі за тое, што ўчора ня там гуляў», — сказаў Свабодзе сам Кулакоў і сувязь зь ім абварвалася.
Кулакоў мяркуе, што яго хочуць прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел ва ўчорашняй акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы 26 лютага.
У ізалятары на завулку Акрэсьціна карэспандэнту Свабоды сказалі, што затрыманыя раней Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык і Арцём Чарняк знаходзяцца там, на суды іх не вывозілі. Пра Севярынца ягонай жонцы дзяжурны сказаў, што ўжо і не павязуць.
26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Акцыя цягнулася каля 25 хвілін.
Адзін зь лідэраў партыі БХД Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў —Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.
Як казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьняў» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!». Акцыя не была санкцыяваная уладамі.
Перад пачаткам акцыі на выхадзе з дому затрымалі яе ініцыятара Паўла Севярынца, а таксама Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву. Падчас акцыі яе ўдзельнікаў міліцыянты не затрымлівалі і не папярэджвалі аб адказнасьці, але пасьля акцыі затрымалі Вольгу Мікалайчык і Арцёма Чарняка.