Рымскі папа Францішак перадаў 200 тысячаў эўраў Папскаму таварыству дапамогі Царкве ў нядолі. Грошы паходзяць з продажу спартовага аўтамабіля «лямбаргіні», які папа атрымаў летась і выставіў на аўкцыён, перадае агенцтва KAI.
Перададзеныя грошы цалкам пойдуць на падтрымку хрысьціянаў у Іраку.
Падтрымка папы Францішка — гэта частка сумы, атрыманай ад продажу «лямбаргіні». Дзякуючы гэтым грошам на Нінэвійскай раўніне будзе збудаваны дзіцячы садок, а таксама рэлігійна-культурны цэнтар. Будуць таксама адноўленыя парафіяльныя будынкі, зьнішчаныя тэрарыстамі з «Ісламскай дзяржавы».
Усе гэтыя аб’екты знаходзяцца ў горадзе Башыка за 30 кілямэтраў ад Мосулу. У 2014 годзе ён стаўся апорным пунктам ісламістаў, адтуль былі выгнаныя ўсе хрысьціяне.