Пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала выступіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», дзе зрабіў заяву пра «справу БелТА» і ціск на суд.
Паводле Валянціна Сукалы, цяпер «празьмерна павышаная грамадзкая ўвага» да суду над галоўнай рэдактаркай самага папулярнага інтэрнэт-парталу Беларусі Tut.by. Ён адзначыў, што прысутнасьць «вялізнай колькасьці дыпляматаў і рэпартэраў» —гэта «ўскосны ціск на суд».
«Гэта перашкаджае суду, мне б хацелася, каб такія працэсы праходзілі спакайней, — казаў Сукала. — Ня трэба яму перашкаджаць, таму што ня толькі па гэтай справе, але часам журналісты і сродкі масавай інфармацыі спрабуюць прадказаць нейкія рашэньні, камэнтуюць магчымыя, а гэта прамы ці ўскосны ціск на суд, гэта перашкаджае правасудзьдзю.
Судзьдзі — жывыя людзі, яны бачаць, чытаюць усё гэта. Таму я б папрасіў сродкі масавай інфармацыі быць больш асьцярожнымі пры асьвятленьні і камэнтаваньні падобных працэсаў».
Чаму гэта ня так
Артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі замацоўвае галоснасьць судовага разбору. Як і артыкул 17 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, і артыкул 21 Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу — артыкулу пра галоснасьць няма толькі ў больш новым Працэсуальна-выканаўчым кодэксе, але там ёсьць артыкул 2.14 пра адкрытасьць разгляду справаў, які мае пункты, падобныя да згаданых артыкулаў пра галоснасьць.
Гэтая галоснасьць у крымінальнай справе абмяжоўваецца толькі пры пэўных умовах на закрытых паседжаньнях або ў закрытых справах. Дзеля:
- абароны дзяржаўных сакрэтаў і іншай інфармацыі, тайна якой ахоўваецца законам;
- абароны інтарэсаў непаўналетняга (калі злачынства ўчыненае маладзейшым за 16 гадоў);
- неабнародаваньня інфармацыі аб інтымным жыцьці грамадзянаў (у тым ліку пры полавых злачынствах);
- невыдаваньні зьвестак, якія ганяць гонар і годнасьць удзельнікаў працэсу;
- гарантаваньня бясьпекі пацярпелага, сьведак або іншых удзельнікаў працэсу.
Працэс Марыны Золатавай закрывалі на адно паседжаньне. У першы дзень суду БелТА прасіла закрыць працэс, спаслаўшыся на абарону інфармацыі, але пракурор запярэчыў, і судзьдзя адмовіўся закрываць працэс.
Увага да працэсу абумоўленая ня толькі тым, што справа зьвязаная з папулярным і грамадзка значным сайтам.
Але і кур’ёзамі, агучанымі на працэсе — напрыклад, перадачай пароляў па факсе ў 2018 годзе або адсутнасьцю забароны перадачы пароляў трэцім асобам і заявамі ўдзельнікаў працэсу пра ціск з боку сілавікоў, а таксама падазрэньнямі ў палітычнай матываванасьці працэсу.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.