Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За наезд на абаронцу Курапатаў кіроўцу пагражае крымінальная справа — адміністрацыйны пратакол скасавалі


Дзяніс Урбановіч у Курапатах, архіўнае фота
Дзяніс Урбановіч у Курапатах, архіўнае фота

У Менскім абласным ДАІ адмянілі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні, складзены пасьля наезду на абаронцу Курапатаў Дзяніса Ўрбановіча. Па выніках новай экспэртызы траўмаў, якія атрымаў актывіст, разбор можа скончыцца крымінальнай справай.

«22 лютага той адміністрацыйны пратакол адмянілі. Гэтак мне сказаў супрацоўнік ДАІ Арцём Шаманскі і ягоны калега, Сяргей Аляксандравіч. Падстава — зьмяніўся дыягназ, які мне паставілі лекары пасьля траўмы. Усё больш сур’ёзна, чым падавалася спачатку. Цяпер магчымая крымінальная справа», — сказаў Урбановіч Свабодзе.

Да ўшыбаў пляча і ключыцы, якія лекары выявілі пасьля здарэньня 16 лютага, дадаўся шыйна-плечавы сындром. Паводле мэдыкаў з 38-й паліклінікі Менску, у актывіста пашкоджаныя сьпіна і пазванкі шыі.

«Супрацоўнікі ДАІ сказалі, што паклічуць у аўторак на экспэртызу, каб дакумэнтальна пацьвердзіць траўмы. Калі будзе прызнана, што траўмы сярэдняй цяжкасьці, сказалі, што распачнуць крымінальную справу на кіроўцу», — сказаў Урбановіч.

Міліцыянт, які ўдзельнічаў у афармленьні пратаколу аб наезьдзе на Ўрбановіча, адмовіўся камэнтаваць справу, але не абверг, што праводзіцца разбор інцыдэнту. У рэспубліканскім ДАІ атрымаць камэнтар наконт здарэньня Свабодзе не ўдалося.

* * *

Здарэньне адбылося 16 лютага на ўезьдзе ў рэстарацыю «Поедем поедим», якую дзявяты месяц пікетуюць абаронцы Курапатаў. Актывіста зьбіў на сваім аўтамабілі жыхар Менску Анатоль Лабанок, на якога супрацоўнікі ДАІ склалі адміністрацыйны пратакол.

Адразу пасьля здарэньня лекары дыягнаставалі ў Дзяніса Ўрбановіча траўмы пляча і рукі, якія ня лічацца цяжкімі. Таму максымум, што пагражала Лабанку паводле пратаколу, — часовае пазбаўленьне правоў кіроўцы за наезд на чалавека.

Анатоль Лабанок, які наехаў на Ўрбановіча, — музы́ка, грае на кантрабасе і навучае дзяцей музыцы. У размове з «Нашай Нівай» празь некалькі дзён пасьля здарэньня Лабанок назваў тое, што адбылося каля рэстарацыі «Поедем поедим», правакацыяй.

«У Курапатах няхай зьбіраюць грошы, ставяць помнікі, вянкі, зьбіраюцца, успамінаюць. А ня гэтымі радыкальнымі мэтадамі, што гэта за мэтады такія? Любы мір лепшы за вайну. А гэта вайна! На маленькім узроўні, але вайна, правакацыя.

На якой падставе вы перагароджваеце дарогу? Хто ім даў права? Яны не разумеюць, што парушаюць правілы дарожнага руху? Прычым плянамерна парушаюць. Там гісторыі няма, гэта пастановачны момант», — сказаў Лабанок.

Паводле кіроўцы, траўмы, якія атрымаў Урбановіч ад ягонага наезду, нязначныя.

«Што там у інтэрнэце напісалі? Што ён пабіў галаву? Гэта няпраўда! Ушыб пляча, і ўсё. Я ж бачыў даведкі. Ніхто ніякіх галоваў ня біў. Я вам сказаў усё, што хацеў, больш не тэлефануйце мне», — сказаў Лабанок.

Дзяніс Урбановіч сьцьвярджае, што Анатоль Лабанок наехаў на яго сьвядома.

«Ён спачатку прытармазіў на ўезьдзе ў рэстарацыю, і я накіраваўся да яго, каб, як звычайна, распавесьці пра Курапаты, папярэдзіць. Ступіў толькі пару крокаў па дарозе, як ён націснуў на газ і стаў паварочваць улева, якраз на мяне. І тут удар, я адлятаю на некалькі мэтраў і б’юся аб дарогу...

Потым міліцыянты, як праглядалі відэа здарэньня, самі зьдзіўляліся, навошта ён газаваў і паварочваў, яму ж ніхто не замінаў ехаць наўпрост», — згадаў актывіст.

Паводле Ўрбановіча, пасьля здарэньня Лабанок не выходзіў зь ім на сувязь, ня выбачыўся, не цікавіўся ягоным здароўем і не прапаноўваў замірыцца.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG