Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў у праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на канале АНТ, што адтэрміноўку для атрыманьня адукацыі можна будзе атрымаць толькі адзін раз.
Паводле міністра, гэтая зьмена адбудзецца «неўзабаве».
«Адтэрміноўку для адукацыі ён мае права атрымаць толькі адзін раз. У 18 гадоў паступіў у ВНУ, атрымаў адтэрміноўку. Усё, ён адвучыўся там, і пасьля вучобы ідзе і служыць тэрміновую службу».
У кастрычніку 2018 году Лукашэнка заявіў, што адтэрміноўкі ад войска даюцца 80% прызыўнікоў. Цягам паўгодзьдзя-году ўлады будуць займацца зьмяншэньнем гэтай лічбы.