Расіянін Дзяніс Чупрыкаў, затрыманы за крадзеж карціны Архіпа Куінджы «Крым. Ай-Петры» з Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве, прызнаў віну. Пра гэта ён заявіў падчас пасяджэньня ў Масгарсудзе, выступаючы праз відэасувязь зь СІЗА, перадае РІА Новости. Ён растлумачыў, што такім чынам хацеў прыцягнуць да сябе ўвагу.
«Я цалкам прызнаю сваю віну, я проста хацеў прыцягнуць увагу да сваёй пэрсоны, хайп», — прыводзіць словы Чупрыкава ТАСС.
Карціну Куінджы скралі вечарам у нядзелю 27 студзеня. 31-гадовы Чупрыкаў вынес карціну проста з выставы, ніхто яму не перашкодзіў. Падазраванага затрымалі на наступны дзень, карціну ён вярнуў. Паводле вэрсіі сьледзтва, у яго былі саўдзельнікі, іх шукаюць.
Пасьля затрыманьня Чупрыкаў распавёў члену Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы, што крадзяжом хацеў прыцягнуць да сябе ўвагу, у тым ліку Ўладзіміра Пуціна, і атрымаць магчымасьць расказаць прэзыдэнту аб сваёй праблеме. Карысьлівага намеру ў Чупрыкава не было, запэўніў ён, карціну ён зьбіраўся вярнуць на наступны дзень. Патлумачыць, што ў яго за праблема, ён ня змог.
29 студзеня Чупрыкава арыштавалі на два месяцы. З Трацьцякоўкі звольнілі супрацоўніцу залі, якая працавала на выставе ў момант крадзяжу. Кіраўнік Міністэрства культуры Ўладзімір Мядзінскі абвясьціў вымову дырэктару галерэі Зэльфіры Трэгулавай.