Госьць «Інтэрвію тыдня» — заснавальнік аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён адказвае на пытаньне, чаму «вызначальная» паездка Лукашэнкі ў Сочы пераўтварылася ў нейкі незразумелы адпачынак, заяўляе, што Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі, і тлумачыць, чым выкліканыя заявы Лукашэнкі пра тое, што Польшча «бразгае зброяй».
Сьцісла
- Галоўная задача паездкі — вызначыцца і стабілізаваць асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна.
- Крэмль — гэта асноўны легітыматар Аляксандра Лукашэнкі, гэта ягоны асноўны адвакат, донар і шчыт.
- Ніякага выкліку для Беларусі апошнія закупы Польшчай новых ўзбраеньняў не нясуць.
Расея можа гуляць у гэтыя «перамовы» і «кансультацыі» бясконца доўга
— Трохдзённы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, дзе беларускі прэзыдэнт сустракаецца з Уладзімірам Пуціным, пакуль відавочна не апраўдвае таго «лёсавызначальнага» значэньня, якое зь ім зьвязвалі. Кіраўнікі дзяржаваў, здаецца, запэўніваюць толькі, што нічога надта стратэгічнага не абмяркоўваецца. Навошта тады было ехаць у Сочы?
— Сапраўды, даволі дзіўная сытуацыя. Бо, з аднаго боку, сустрэча была анансаваная як перамовы аб найбольш актуальных праблемах, а ў выніку аказалася, што гэта нейкі своеасаблівы адпачынак і азнаямляльны візыт у Расею дзеля перайманьня нейкага досьведу.
Мне падаецца, галоўная задача паездкі была ня столькі ў тым, каб пра нешта канкрэтнае дамовіцца зараз, а ў тым, каб вызначыцца і стабілізаваць асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна. Стварыць базіс і глебу для будучай дамовы па тых пытаньнях, якія сапраўды спрычыняюць галаўны боль у двухбаковых адносінах. То бок гэта хутчэй такі «саміт бяз гальштукаў», які меў на мэце палепшыць альбо высьветліць асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаваў.
— На чыю карысьць тут грае час? Маецца на ўвазе гэтае бясконцае адкладаньне вырашэньня пытаньняў, якое мы назіраем са сьнежня, калі бакі толькі «ствараюць рабочыя групы». Гэта на руку Маскве ці Менску?
— Гэта, безумоўна, на руку Маскве, бо рашэньні патрэбныя Менску. Расея якраз можа гуляць у гэтыя «перамовы» і «кансультацыі» бясконца доўга, не ідучы насустрач беларускім уладам у фінансавым і эканамічным сэнсе. Для Масквы беларускае пытаньне не першараднае, яны яго могуць і адкласьці.
Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі
— Можа, галоўная мэта наладжваньня асабістых стасункаў Лукашэнкі і Пуціна — у тым, каб стварыць прадказальную атмасфэру для беларускага кіраўніка ў перадвыбарчы год? Гэта тое, чаго ён найперш дабіваецца ад Пуціна?
— Сапраўды, гэта важнае пытаньне, бо Крэмль — гэта асноўны легітыматар Аляксандра Лукашэнкі, гэта ягоны асноўны адвакат, донар і шчыт. Для Лукашэнкі вельмі важна, па-першае, зразумець, як будзе паводзіць сабе Расея падчас выбарчых кампаніяў — гэта задача-мінімум. А задача-максымум — атрымаць гарантыі падтрымкі: «старыну ня рушыць» То бок Масква прыме той вынік, які намалюе спадарыня Ярмошына, і ня будзе ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя беларускія працэсы.
— Падаецца, што ўжо ня першыя досыць безвыніковыя перамовы тлумачацца тым, што Аляксандар Лукашэнка ніяк ня можа паверыць, што Масква сапраўды зьмяніла сваё стратэгічнае стаўленьне і сапраўды ідзе на зьніжэньне матэрыяльнай падтрымкі Менску, а зь іншага боку — на ўзмацненьне геапалітычных патрабаваньняў. А Лукашэнка верыць, што ўсё можна адкруціць назад і ўсё будзе «як раней». Ці можа быць «як раней»?
— Я згодны з тым, што ў Лукашэнкі няма «пляну Б» і беларускія ўлады працягваюць зыходзіць з таго, што эксклюзіўны статус двухбаковых адносінаў удасца захаваць і што Расея і надалей будзе разглядаць Беларусь як свайго прывілеяванага саюзьніка.
Але я зыходжу з таго, што гэта немагчыма, таму што Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі ці праігнаравалі гэта. Тая Расея, зь якой мы маем справу цяпер, вельмі адрозная ад той Расеі, якую Лукашэнка бачыў нават у 2010 годзе, калі быў канфлікт і «Хросныя бацькі». Цяпер гэта краіна з зусім іншым modus vivendi на замежнапалітычнай арэне, шмат у чым зьмянілася ўся філязофія дзеяньняў гэтай краіны. А ў Менску гэтых зьменаў дагэтуль не асэнсавалі і ня ўлічваюць.
Заява пра Польшчу — палітычны жэст у бок Пуціна, дэманстрацыя таго, што «мы з табой адной крыві»
— Якраз у гэтыя дні старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч знаходзіцца з афіцыйным візытам у Польшчы — далёка не шараговая зьява. І незадоўга да гэтага Лукашэнка заявіў, што «калі Польшча будзе бразгаць зброяй, мы ня будзем на гэта спакойна глядзець». Ці гэта быў сымбалічны жэст перад сустрэчай з Пуціным, ці сапраўды Беларусь занепакоеная тым, што Польшча абнаўляе сваю сыстэму ўзбраеньняў?
— Гэта быў палітычны жэст у бок Пуціна, дэманстрацыя таго, што «мы з табой адной крыві». Маўляў, у нас могуць розьніцца падыходы да таго, як даваць рады праблемам, але праблемы і выклікі ў нас агульныя.
Калі глядзець на заявы беларускага вайсковага кіраўніцтва, то яны даволі стрыманыя, бо польская палітыка ў галіне абароны досыць пасьлядоўная. Закупіць узбраеньне ў ЗША, кантракт пра што падпісалі на гэтым тыдні, было заплянавана яшчэ за некалькі гадоў. Проста зьмяніўся фармат. Раней меркавалася, што гэтая зброя будзе часткова вырабляцца ў Польшчы, але высьветлілася, што ў польскіх прадпрыемстваў няма адпаведных кампэтэнцый. Таму было вырашана закупляць у ЗША ў канчатковай камплектацыі.
Ніякай сэнсацыі не адбылося, і ў рэальнасьці ніякага выкліку апошнія крокі для Беларусі не нясуць. Што да «форта Трамп», то гэта хутчэй спроба Варшавы палітычна націснуць на Вашынгтон, каб атрымаць выгоды ў іншых галінах. Я ня думаю, што Польшча разьлічвае на радыкальнае нарошчваньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці на сваёй тэрыторыі.
— Але ці могуць гэтыя дзеяньні Польшчы стаць падставай для большага ціску Расеі на Менск — маўляў, мы цяпер вымушаныя будзем рэагаваць, у тым ліку разьмяшчаць у Беларусі сваю базу?
— Сапраўды, гэта можа быць выкарыстана як нагода для ціску на афіцыйны Менск у тым пляне, каб пашырыць расейскую вайсковую прысутнасьць у Беларусі. Але, зь іншага боку, у Беларусі ёсьць аргумэнт — гэта ракетны комплекс «Палянэз», які мае дасяжнасьць 300 кілямэтраў. Таму заўсёды можна сказаць, што мы ўжо зрабілі неабходныя захады для адказу ня толькі на тыя пагрозы, якія існуюць, але і на патэнцыйныя. Так што — «дзякуй, пакуль абыдземся бяз вашых базаў».