Судзьдзя пастанавіў правесьці адно закрытае паседжаньне, дзе будуць разглядаць прыватную перапіску.
Яно адбудзецца ў панядзелак 18 лютага.
У пятніцу 15 лютага на працэсе па справе Марыны Золатавай працягнуўся допыт сьведак.
У залю былі выкліканыя рэдактары партала Tut.by Ганна Калтыгіна, Ганна Рудэнка і Галіна Уласік.
Пасьля допыту кожнай зь іх пракурор падавала хадайніцтва аб абвяшчэньні матэрыялаў папярэдняга сьледзтва, дзяржаўны абвінаваўца тлумачыла гэта разыходжаньнямі.
Як стала вядома падчас агучваньня гэтых матэрыялаў, у справе ёсьць тэкст прыватнай перапіскі паміж рэдактарамі партала Tut.by. Паводле сьледзтва, яны былі атрыманыя пасьля вывучэньня канфіскаваных у рэдактараў Tut.by носьбітаў інфармацыі і тэлефонаў.
Усе сьведкі, а таксама абвінавачаная Марына Золатава папрасілі суд агучваць матэрыялы прыватнай перапіскі ў закрытым рэжыме. Судзьдзя вызначыў для гэтага асобны дзень — панядзелак 18 лютага, пасьля 14.15.
Прысутнічаць на гэтым паседжаньні дазволяць толькі ўдзельнікам працэсу — абвінавачанай Марыне Золатавай, яе адвакату, пракурору, судзьдзі, сакратару суда, а таксама адвакатам агенцтва БелТА і юрысту газэты «Беларусь сегодня».